
Візіт дэлегацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
- Details
- Створана 19.02.2025 14:33
18 лютага абласную бібліятэку наведалі прадстаўнікі «дыяменту ведаў» Беларусі. Пасля экскурсіі па бібліятэцы, падчас якой госці азнаёміліся з работай аддзелаў, праектамі і выставамі, адбыўся круглы стол па прафесійных пытаннях.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – дырэктар па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Людміла Высоцкая ўзнагародзіла калектыў Віцебскай абласной бібліятэкі Ганаровай граматай за высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё бібліятэчнай галіны, актыўную грамадска-культурную дзейнасць.
У ходзе круглага стала загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірына Кукета распавяла аб навукова-метадычнай дзейнасці аддзела, распрацоўках у нарматыўна-прававым забеспячэнні бібліятэчнай справы рэспублікі.
У выступленні загадчыка сектара фарміравання лічбавых калекцый аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі Аксаны Буйчык былі раскрыты аспекты дзейнасці аўтаматызаванай сістэмы «Электронная бібліятэка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі», да якой бібліятэкі Віцебскай вобласці былі падключаны ў рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства».


































