
Літаратурна-музычная вечарына і агульная дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы
- Details
- Створана 24.02.2025 13:12
Традыцыйная літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшла ў бібліятэцы 20 лютага.
Вядучая мерапрыемства, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова расказала пра гісторыю гэтага свята і прачытала вершы паэта Анатоля Канапелькі, прысвечаныя роднаму слову.
Вечарыну ўпрыгожылі выступленні паэтэсы Галіны Загурскай і барда Васіля Граноўскага, якія прыехалі з Полацка і парадавалі гасцей вершамі і песнямі. Слова пра беларускую мову сказала пастаянная ўдзельніца дыктовак і чытач бібліятэкі Марына Жук. Да святкавання далучыліся студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА», якія падрыхтавалі цікавую праграму.
Студэнты 1 курса Анастасія Трафімовіч, Паліна Колерава, Арыяна Чыгір, Валерыя Свярская, Харыс Аль-Тае прачыталі вершы айчынных класікаў у перакладзе на англійскую, арабскую, казахскую, кітайскую і нямецкую мовы. А студэнткі 4 курса Ганна Браўфер і Ганна Сураўцава прачыталі гэтыя ж вершы ў арыгінале, на беларускай мове. Студэнтка 3 курса Вераніка Юхнавец выступіла з песняй «Васільковае неба».
Для агульнай дыктоўкі была абрана прадмова да кнігі «Памяць зямлі беларускай», напісаная Уладзімірам Караткевічам, 95-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе.


































