
Паэтычная вечарына «Вясна духоўная»
- Details
- Створана 26.03.2025 16:09
Вясна адкрывае цэлы шэраг самых светлых і цудоўных святаў, сярод якіх ёсць даты, якія маюць асаблівае значэнне для бібліятэкі: Дзень пісьменніка, Дзень праваслаўнай кнігі і Сусветны дзень паэзіі.
25 сакавіка ў абласной бібліятэцы адбылася паэтычная вечарына «Вясна духоўная», на якой перапляліся мінулае і сучаснасць, зямное і нябеснае. Мерапрыемства, натхнёнае кнігай Сяргея Дурыліна «Вянок лета», а менавіта раздзелам «Вялікі пост», сабрала аматараў паэзіі і прыхільнікаў духоўных каштоўнасцеў. Гэта сустрэча стала сапраўдным пранікненнем у свет паэзіі, духоўных разважанняў і вясновага абуджэння душы падчас Вялікага посту. Гледачы здзейснілі займальнае падарожжа ў часе, ад геніяльных радкоў Пушкіна да паэтычных адкрыццяў сучасных аўтараў.
Асаблівым упрыгожаннем вечарыны сталі выступленні гасцей і сяброў бібліятэкі. Протаіерэй Ігар Машкей, клірык храма Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы г. Віцебска, падзяліўся сваімі ведамі і духоўным досведам, натхніўшы ўсіх прысутных.
Паэт Алена Фядзяева, член Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэгент Свята-Пакроўскага сабора г. Віцебска, парадавала гледачоў сваімі пранікнёнымі вершамі і незабыўным выкананнем.
Любімыя паэтычныя радкі шчыра прачытала Вераніка Пруднікава, праваслаўны псіхолаг Дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».
Разважаннямі пра духоўны шлях і важнасць паэтычнага слова для духоўнага росту падзяліўся іерэй Дзіянісій Андрэеў, прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі.
Вечар прайшоў у атмасферы цяпла, шчырасці і глыбокага разумення, бо паэзія – гэта асаблівы спосаб зносін, які пранікае ў самыя глыбіні душы.


































