
Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі «Зялёная бібліятэка»
- Details
- Створана 02.04.2025 15:16
Традыцыйна ў дні школьных вясновых канікул бібліятэка прапануе сваім юным чытачам разам правесці Тыдзень дзіцячай кнігі: свята, якое аб'ядноўвае ўсіх, хто любіць чытаць.
У гэтым годзе Кніжкіны імяніны прайшлі пад назвай «Зялёная бібліятэка»: усе мерапрыемствы былі прысвечаны пісьменнікам-анімалістам, юбілярам гэтага года і героям іх твораў – забаўным насельнікам жывёльнага свету.
Пачаўся тыдзень кніжнымі art-гісторыямі «Адчынім дзверы ў зялёны свет», якія пазнаёмілі дзяцей з вобразамі прыроды ў розных відах мастацтва: музыка, жывапіс, літаратура, фатаграфія. Дзякуючы мастацкім творам прырода паўстае заўсёды рознай: велічнай, сумнай, пяшчотнай, кранальнай. Гэтыя вобразы заўсёды прыцягваюць увагу чалавека, дапамагаюць убачыць незвычайнае ў тым, што звыкла і будзённа.
Літаратурная прагулка «Свет праз павелічальнае шкло» пазнаёміла дзяцей з дзіўным светам насякомых, якія пасяліліся ў кнізе Яна Лары «Незвычайныя прыгоды Карыка і Валі». Экарэпартаж «Беларуская жамчужына» быў прымеркаваны да 100-годдзя з дня заснавання Бярэзінскага біясфернага запаведніка – аднаго з найстарэйшых і найпрыгажэйшых куткоў першароднай прыроды Рэспублікі Беларусь, якая пачала фарміравацца яшчэ тысячы гадоў таму.
Гульня-знаёмства «Мае звяры» пазнаёміла школьнікаў з дзіўнымі героямі канадскага пісьменніка Эрнэста Сетана-Томпсана, якому ў гэтым годзе спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння. Лоба, Даміно, Крэг; адзін з іх – воўк, другі – ліс, трэці – горны баран. І людзям ёсць чаму ў іх павучыцца. Сетан-Томпсан стаў першым у свеце аўтарам, героямі якога сталі сапраўдныя звяры і птушкі.
Літаратурная чамучка «Лясныя казкі і загадкі» па творчасці рускага пісьменніка Эдуарда Шыма адказала на пытанні дзяцей аб прыродзе і яе насельніках: хто дрэвы ў лесе лечыць; якая трава самая ўпартая; хто размаўляе нячутнымі галасамі і як выглядае вясновая восень. А музычныя хвілінкі «Лапы, вушы і хвасты» пазнаёмілі дзяцей з жывёламі: героямі кніг, мультфільмаў і дзіцячых фільмаў, якія любяць спяваць і танцаваць.
Гасцямі Тыдня дзіцячай кнігі сталі спецыялісты ў галіне дзіцячай псіхалогіі Ала Спірыдонава і Вера Лабейка, якія прэзентавалі свой альбом па развіцці эмацыянальнага інтэлекту «Эмацыянальны інтэлект – мая суперсіла». З дапамогай гэтай кнігі дзіця навучыцца разумець уласныя эмоцыі, пасябруе з імі, ўмацуе самаацэнку, стане клапаціцца аб эмацыянальнай раўнаваге, патрэніруецца адстойваць свае межы, праявіць дабрыню і спагадлівасць, эмпатыю і спачуванне, разаўе навыкі прыязнасці і камунікацыі.
На працягу ўсяго тыдня супрацоўнікі дзіцячага і юнацкага аддзелаў праводзілі творчыя майстэрні «Зверскія вершы», падчас якіх дзеці знаёміліся з вясёлымі вершамі рускіх паэтаў Д. Хармса і С. Чорнага. Затым ў розных тэхніках увасаблялі вобразы герояў гэтых твораў: пластылінавага вожыка, сінільнага матылька, ката-трубачыста і рухомага зайца.


































