
«Лёс пад нумарам «61960»
- Details
- Створана 11.04.2025 16:14
11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе вязні Бухенвальда ўзнялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.
Напярэдадні гэтай памятнай даты і да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 красавіка ў абласной бібліятэцы адбылася сустрэча са старшынёй Грамадскага аб'яднання былых вязняў фашысцкіх канцлагераў «Дружба», былым малалетнім вязнем Асвенцыма Валянцінай Волкавай, малалетнім вязнем Зінаідай Кохтавай.
Вайна бесцырымонна ўварвалася ў іхняе жыццё, раптоўна пазбавіўшы дзяцінства. У кожнай свая трагічная гісторыя, свой лёс і свой, пакінуты на памяць аб перажытых жахах у Асвенцыме, нумар. З узрушаючай шчырасцю былыя малалетнія вязні дзяліліся з удзельнікамі вечарыны сваімі дзіцячымі ўспамінамі аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на іх долю, аб жахах жыцця ў канцэнтрацыйным лагеры, аб тым, які адбітак пакінуў на іх лёсах у далейшым гэты страшны жыццёвы вопыт. А яшчэ... былыя малалетнія вязні чыталі свае вершы!
Прысутныя на вечарыне навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, чытачы бібліятэкі з вялікім хваляваннем слухалі ўспаміны сведак тых трагічных падзей, задавалі пытанні, шчыра цікавячыся лёсамі гэтых дзіўных жанчын. Вучаніца Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Віялета Мікалаева прачытала верш Сяргея Міхалкова «Дзіцячы чаравік».
На мерапрыемстве гучала музыка ў выкананні выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Віцебска Маргарыты Грунтовай і Кацярыны Дубовай, а таксама вучаніцы 7 класа Васілісы Лазукі.
Гэтая сустрэча нагадала ўсім, наколькі значна захоўваць і перадаваць успаміны людзей, якія перажылі боль вайны, каб падобныя трагедыі больш ніколі не паўтараліся.


































