
Этнаграфічная экспедыцыя «Невычэрпная крыніца народнай творчасці»
- Details
- Створана 22.04.2025 09:00
Этнаграфічная экспедыцыя «Невычэрпная крыніца народнай творчасці» адбылася ў абласной бібліятэцы 16 красавіка ў рамках Рэспубліканскага праекта па адраджэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамесніцтва «Народны каларыт».
Асноўнай мэтай мерапрыемства было знаёмства малодшых школьнікаў з разнастайнасцю народнай творчасці Беларусі і Віцебскага краю, уключаючы такія віды, як ганчарства, разьба па дрэве, ткацтва, вышыўка, пляценне, кавальская справа, качанне і інш.
Вучні 2 «Е» і 3 «Д» класаў сярэдняй школы № 46 г. Віцебска імя І. Х. Баграмяна разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Вольгай Арасланавай і Аленай Яфімчык вывучылі паняцці «рамяство» і «промысел», даведаліся пра тыя рамёствы, якія захаваліся да нашых дзён, і пра тыя, якія зніклі. Дзеці прааналізавалі, як рамёствы адаптуюцца і развіваюцца ў сучасных умовах.
Займальна прайшлі рамесныя гульні «Нітка» і «Пляценне», якія дазволілі дзецям адчуць сябе сапраўднымі народнымі ўмельцамі і паспрабаваць свае сілы ў традыцыйных рамёствах.
У дадатак да экспедыцыі супрацоўнікі дзіцячага і юнацкага аддзелаў падрыхтавалі выставу «Вечна жывое мастацтва», на якой былі прадстаўлены кніжныя выданні для дзяцей з фонду бібліятэкі, прысвечаныя народнай творчасці.


































