
Рэсурсы і магчымасці абласной бібліятэкі для паспяховай адукацыйнай дзейнасці
- Details
- Створана 24.04.2025 11:08
Сустрэча з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры сярэдніх школ г. Віцебска адбылася 23 красавіка ў абласной бібліятэцы.
Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці сумесна з прадстаўнікамі сярэдняй школы № 25 г. Віцебска правялі раённае вучэбна-метадычнае пасяджэнне «Выкарыстанне інавацыйных форм і метадаў інтэнсіфікацыі навучання на ўроках беларускай мовы і літаратуры як інструментаў фарміравання функцыянальнай адукаванасці» для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Першамайскага раёна г. Віцебска, гатовых дзяліцца вопытам і выкарыстоўваць перадавыя методыкі.
Падчас агляднай экскурсіі абласная бібліятэка паўстала як дынамічная адукацыйна-інфармацыйная прастора, здольная натхніць як педагогаў, так і вучняў.
Загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая расказала пра асаблівасці і пастаноўкі батлеечнага тэатра, які стаў сапраўднай знаходкай для творчага развіцця бібліятэкараў і прыцягнення чытачоў.
Асаблівую цікавасць выклікалі рэдкія выданні XIX – пачатку XX стагоддзяў, прадстаўленыя ў аддзеле рэдкай кнігі: класіка сусветнай літаратуры, багата ілюстраваныя энцыклапедыі, мініяцюрныя экзэмпляры кніг і факсімільныя рарытэты. У выставачнай зале «Ex Libris» на выставе «Дзівосны сусвет беларускай міфалогіі» загадчык аддзела Вольга Лебедзева здзівіла ўнікальнымі выданнямі і каларытнымі персанажамі, натхнёнымі беларускімі фальклорнымі сюжэтамі.
Шчырыя эмоцыі выклікала літаратура са шрыфтам Брайля – важная частка інклюзіўнай дзейнасці аддзела перыёдыкі абласной бібліятэкі.
Вядучы бібліёграф аддзела краязнаўства Кацярына Дзям'янава прадставіла самыя новыя выданні айчыннай прозы і паэзіі, серыі літаратурных твораў беларускіх выдавецтваў, а таксама навукова-папулярныя манаграфіі прыдзвінскіх краязнаўцаў і даведнікі па родных мясцінах.
Пра магчымасці і рэсурсы Віцебскай абласной бібліятэкі, якія размешчаныя на афіцыйным сайце, расказала загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Юлія Вайлунова-Шынкевіч. Даступнасць электроннага каталога, разнапланавыя базы даных уласнай генерацыі, магчымасць работы з фондамі бібліятэк-партнёраў даюць магчымасць значна спрасціць падрыхтоўку ўрокаў і мерапрыемстваў, павышаючы эфектыўнасць адукацыйнай дзейнасці.
Свае інтэлектуальныя сілы ўдзельнікі праверылі падчас бібліаквіза «Любімы горад». Яны адказвалі на пытанні пяці тураў, прысвечаных гісторыі Віцебска, яго помнікам і брэндам, а таксама культурнай спадчыне. Усе заданні былі накіраваны на развіццё каманднай работы, лагічнага мыслення і ўменне прымаць рашэнні.
Напрыканцы сустрэчы абмяркоўваліся ідэі сумесных праектаў абласной бібліятэкі з сярэднімі школамі, прысвечаных беларускай літаратуры і вывучэнню роднага краю.


































