
Вечар памяці «Подзвіг на славу Айчыны»
- Details
- Створана 08.05.2025 09:39
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга, але, напаўразбураная і разрабаваная, краіна не здалася.
Праз многія дзесяцігоддзі памяць пра мужнасць і стойкасць народа, які ўнёс найвялікшы ўклад у Перамогу над фашызмам, святая.
Вечар памяці «Подзвіг на славу Айчыны», прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў 6 мая ў абласной бібліятэцы.
Унікальную літаратурна-музычную кампазіцыю «Голас параненых лёсаў» пра подзвіг савецкіх воінаў паказалі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Гэты выступ стаў сапраўдным падарожжам у мінулае, дзе праз прызму творчасці паэтаў-франтавікоў можна было глыбей зразумець гераізм і мужнасць тых, хто змагаўся за свабоду нашай краіны.
Асаблівую ўвагу прыцягнула прэзентацыя ўнікальнага віртуальнага рэсурсу «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны». Гэты праект не толькі аддае даніну памяці тым, хто ў цяжкія гады вайны абараняў нашу Радзіму, але і асвятляе лёсы тых, хто пасля перамогі прысвяціў сябе служэнню кнізе і людзям. На афіцыйным сайце абласной бібліятэкі можна даведацца больш падрабязнасцей і пагрузіцца ў гісторыю праз прыклады з жыцця прадстаўнікоў бібліятэчнай прафесіі.
Тамара Краснова-Гусачэнка, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратар і грамадскі дзеяч, падзялілася з гасцямі ўспамінамі пра гераічнае мінулае сваёй сям'і і новымі літаратурнымі творамі.
На вечарыне былі прадстаўлены цікавыя факты з ваеннай біяграфіі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў-франтавікоў, якія перажылі выпрабаванні на палях бітваў і выказалі свае глыбокія пачуцці на старонках кніг. Іх словы сталі не толькі адлюстраваннем часу, але і крыніцай натхнення для будучых пакаленняў.
Супрацоўнікамі агульнай чытальнай залы была падрыхтавана кніжная выстава, якая асвятляе ключавыя моманты і падзеі, якія прывялі да Вялікай Перамогі.


































