
«Памяць у нашых сэрцах»
- Details
- Створана 08.05.2025 11:21
7 мая ў абласной бібліятэцы адбыўся святочны канцэрт «Памяць у нашых сэрцах», прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Мерапрыемства адбылося ў рамках супрацоўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна і Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Віцебска напярэдадні Дня Перамогі.
Адкрываючы праграму, намеснік дырэктара ТЦСАН Чыгуначнага раёна г. Віцебска Ларыса Марковіч адзначыла, што святочная сустрэча – не толькі даніна памяці героям вайны, але і важны крок да захавання гістарычнай памяці для сучаснага і будучых пакаленняў.
Тэатральны гурток «Люстэрка» пад кіраўніцтвам Алены Чачэнец прадставіў гледачам драматычную пастаноўку, якая перадала цяжкія дні ваенных гадоў і жыццё ў глыбокім тыле. Акцёры змаглі яскрава прадставіць трагічныя падзеі, паказаць пачуццё чакання вяртання родных і каханых, якія знаходзіліся на фронце далёка ад дома.
Вакальны калектыў «Натхненне» выканаў вядомыя ваенныя песні, якія нагадалі пра стойкасць і мужнасць салдат і пра тое, як важна захоўваць памяць пра тыя страшныя дні.
Харэаграфічны калектыў «Танчым разам» парадаваў гледачоў яркімі танцавальнымі нумарамі на музыку, якая была папулярная ў ваенныя гады. Іх выступленні былі напоўнены такой энергіяй і эмоцыямі, якія дазволілі ўсім гасцям мерапрыемства пагрузіцца ў мінулае, адчуўшы жывое дыханне гісторыі.
Фінальным акордам сустрэчы стала хвіліна маўчання ў гонар усіх, хто загінуў на палях бітваў. Вучні ДУА «Сярэдняя школа № 17 г. Віцебска імя І. Р. Бумагіна» з гонарам праносілі фатаграфіі дзядоў і прадзедаў, якія прайшлі вайну, упрыгожыўшы кожны здымак сімвалічнымі стужкамі і кветкамі. Гэтая цырымонія адгукнулася ў сэрцы кожнага гледача падзякай за подзвігі сваіх продкаў.
Канцэрт паказаў важнасць перадачы гістарычнай спадчыны новым пакаленням і падкрэсліў значнасць беражлівых адносін да традыцый і культуры свайго народа.


































