
Абласны марафон «Дарогі Перамогі»
- Details
- Створана 08.05.2025 12:14
Фінальнае мерапрыемства абласнога марафону «Дарогі Перамогі», прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбылося 7 мая ў абласной бібліятэцы.
Правядзенне марафону было аб'яўлена Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам і Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна за 80 дзён да Дня Перамогі. За гэты час атрымана больш за 500 відэа з чытаннем вершаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, якія размяшчаюцца на афіцыйным YouTube-канале бібліятэкі. У сацыяльных сетках з хэштэгам марафону таксама размешчана нямала відэа.
Каардынатары марафону – галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак і загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова – адзначылі, што марафон аб'яднаў удзельнікаў рознага ўзросту з усіх куткоў Віцебскай вобласці і з'яўляецца данінай памяці пераможцам у Вялікай Айчыннай вайне.
На мерапрыемстве выступілі ўдзельнікі марафону – вучні гімназіі № 7 імя П. Я. Кандраценкі Данііл Гарошка і Дамір Ціхаміраў, удзельнікі ўзорнай тэатральнай студыі «Дарослыя дзеці» гімназіі № 8 г. Віцебска, удзельнікі народнага маладзёжнага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск» Дар'я Спінава і Мікіта Еўдакімаў, пісьменнікі Алена Бабарыка, Алена Крыклівец, Алег Сяшко, члены Віцебскага гарадскога аб'яднання «Залаты ўзрост» Зоя Данілевіч, Ларыса Ложачнік, Ларыса Путава. Зноў прагучалі пранікнёныя радкі любімых вершаў.
Супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці падрыхтавалі банерную выставу, прысвечаную вызваленню Віцебска, аднаўленню горада ў 1944–1945 гг. Намеснік дырэктара архіва Таццяна Буевіч прадэманстравала кінахроніку з вызваленым і зруйнаваным Віцебскам.
Вакальна-харэаграфічныя пастаноўкі «Ваеннае папуры» і «Майскі вальс», падрыхтаваныя навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, сталі цудоўным падарункам да свята Вялікай Перамогі.


































