
Тыдзень Гонару да 80-годдзя Перамогі
- Details
- Створана 13.05.2025 09:59
У 2025 годзе мы адзначаем важную дату ў гісторыі Беларусі – 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Супрацоўнікі дзіцячага і юнацкага аддзелаў абласной бібліятэкі правялі Тыдзень Гонару, які яшчэ раз нагадаў пра доўгі і цяжкі шлях савецкага народа ад трагічнага пачатковага перыяду Айчыннай вайны да вялікага Дня Перамогі над фашызмам.
Для вучняў сярэдняй школы № 47 імя Я. Ф. Іваноўскага адбылося некалькі мерапрыемстваў. Падчас відэагадзіны «Мультфільм раскажа пра вайну» і кінаэнцыклапедыі «Заснавана на рэальных падзеях» былі прадстаўлены мастацкія і анімацыйныя карціны – ««Василек» (1973), «Ложка для солдата» (2015), «Солдатская сказка» (1983), «Боевая машина» (2017), «Игрушка» (2020) і іншыя. Кранальныя, гераічныя гісторыі пра ваенны і пасляваенны час, якія вучаць дабрыні, чалавечнасці, міласэрнасці і высакароднасці.
Вусны часопіс «Ёсць людзі – героі, а ёсць – гарады!» пазнаёміў школьнікаў з гарадамі, якія атрымалі ганаровае званне «Горад-герой». Галоўным крытэрыем для атрымання гэтага статусу была гістарычная ацэнка ўкладу абаронцаў горада ў перамогу над ворагам. Абарона гэтых гарадоў вызначыла перамогу Чырвонай Арміі на асноўных стратэгічных напрамках фронту – Ленінград (Пецярбург), Адэса, Севастопаль, Валгаград (Сталінград), Мінск і Брэсцкая крэпасць, Кіеў, Масква, Тула, Керч, Наварасійск, Мурманск і Смаленск.
Бібліяпанарама «Перамога ў бронзе і камені» была прысвечана помнікам Вялікай Айчыннай вайны – маўклівым напамінкам нашчадкам пра подзвіг савецкага народа. Велізарныя мемарыяльныя комплексы і сціплыя абеліскі – за кожным з іх нечая гісторыя і лёс, годны нашай памяці.
Напярэдадні свята супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для сваіх чытачоў цыкл майстар-класаў пад агульнай назвай «Свята ўсіх пакаленняў». Заняткі «Вечны агонь», «Самалёт Перамогі», «Танк Т-34» і «Жураўлі над абеліскам» сталі выдатным дадаткам да святкавання 9 Мая.


































