
Мы памятаем іх пайменна
- Details
- Створана 14.05.2025 08:52
Літаратурна-музычная кампазіцыя «Мы памятаем!», прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбылася 12 мая ў абласной бібліятэцы.
Літаратурны клуб «Натхненне» Віцебскага гарадскога грамадскага аб'яднання пажылых людзей «Залаты ўзрост» пры падтрымцы аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці і агульнай чытальнай залы падрыхтавалі насычаную праграму і тэматычную выставу.
Адкрылася мерапрыемства выступленнем групы чытальнікаў, якія прадставілі фрагмент знакамітага твора Роберта Раждзественскага «Реквием»: «Вспомним их поимённо... Это нужно не мёртвым, это надо живым!» Гэтая фраза стала лейтматывам усяго вечара.
Асаблівым момантам стала ўшанаванне ганаровых гасцей сустрэчы – відавочцаў ваенных гадоў Зоі Андрэеўны Сегенчук і Зінаіды Іосіфаўны Кохтавай.
Працягнулі вечар выступленні дзяцей франтавікоў, якія прысвяцілі свае апавяданні сваім мужным бацькам. Святлана Леанідаўна Гаранічава расказвала пра свайго бацьку – Героя Савецкага Саюза, Ганаровага грамадзяніна горада Віцебска Леаніда Мікалаевіча Філіпенку. Яе шчырае апавяданне суправаджалася фотаматэрыяламі, ілюструючы старонкі біяграфіі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Выступленні Марыі Антонаўны Галаўко, Раісы Міхайлаўны Крушынскай, Вольгі Сяргееўны Шахноўскай таксама расказалі пра лёсы выдатных савецкіх воінаў – удзельнікаў вялікай бітвы супраць фашызму.
Алена Аляксандраўна Аляксандрава распавяла гісторыю сваёй мамы-падпольшчыцы Валянціны Аляксандравай-Багданавай, дэманструючы прыклад жаночага гераізму і патрыятызму.
Пранікнёныя паэтычныя радкі і ваенныя песні ў выкананні Зоі Валянцінаўны Данілевіч, Людмілы Анатольеўны Кучынскай, Святланы Аляксандраўны Салаўёвай, Галіны Паўлаўны Талстых, апавяданні дачок воінаў-герояў аб'яднала ў пранікнёнае апавяданне Валерыя Іосіфаўна Гаеўская, кіраўнік літаратурнага клуба «Натхненне».
Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства легендарнай песняй «День Победы». Усе гледачы, сярод якіх былі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, адчулі важнасць захавання ўдзячнай памяці пра гераічнае мінулае сваёй краіны.


































