
Семінар для кіруючых работнікаў і спецыялістаў сферы культуры
- Details
- Створана 22.05.2025 15:21
Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна ў ліку вядучых устаноў культуры рэгіёна стала пляцоўкай для заняткаў начальнікаў (загадчыкаў) аддзелаў (сектараў) культуры гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася галоўны спецыяліст аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Зоя Гукава.
Размову на тэму сучаснага стану і перспектыў развіцця публічных бібліятэк вобласці прадоўжыла загадчык аддзела бібліятэказнаўства Наталля Пугачова. Яна расказала пра выкананне дзяржаўных праграм, спынілася на праблемных пытаннях інфарматызацыі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, адзначыла дасягненні калег.
Пра дзейнасці дзіцячых бібліятэк у кантэксце сацыякультурнага развіцця рэгіёну расказала вядучы бібліятэкар аддзела бібліятэказнаўства Ірына Пчалова. Прыклады паспяховай і якаснай работы бібліятэкараў у стварэнні электронных рэсурсаў уласнай генерацыі і мультымедыйных праектаў краязнаўчай накіраванасці прывяла вучоны сакратар абласной бібліятэкі Надзея Мелькіна. Падрабязней пра адзін з іх – праект «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны» – расказала загадчык агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая.
Вядучы бібліятэкар аддзела бібліятэказнаўства Аксана Воранава звярнула ўвагу на неабходнасць своечасовага павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў сферы культуры як на базе сярэдняй спецыяльнай, так і базе вышэйшай адукацыі.
Больш падрабязна азнаёміцца з дзейнасцю абласной бібліятэкі і яе аддзелаў, з тэхнічнымі магчымасцямі і праектамі госці змаглі падчас агляднай экскурсіі.


































