
Праект «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу»: юрыдычная пісьменнасць для сямейнага шчасця
- Details
- Створана 16.05.2025 10:22
Штогод 15 мая ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень сям'і, які нагадвае пра значэнне сямейных каштоўнасцей і іх ролю ў грамадстве.
Праект «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» далучыўся да свята, запрасіўшы для сустрэчы з вучнямі старэйшых класаў сярэдняй школы № 11 імя М. М. Бахціна г. Віцебска прадстаўнікоў аддзела ЗАГС Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Намеснік начальніка Ганна Шпац і галоўны спецыяліст Анастасія Сцержнёва вылучылі найбольш важныя напрамкі дзейнасці аддзела ЗАГС, акцэнтуючы ўвагу на рэгістрацыю важных жыццёвых падзей і значэнне дакументаў, звязаных з імі.
Рэгістрацыя нараджэння дзіцяці вызначае права малога на атрыманне грамадзянства краіны і дае шэраг сацыяльных гарантый. У сітуацыях, калі чалавек вырашае змяніць сваё імя, імя па бацьку або прозвішча, калі неабходна даказаць сваяцтва, пасведчанне аб нараджэнні – ключавы дакумент.
Афіцыйная рэгістрацыя шлюбу ажыццяўляецца органамі ЗАГС згодна з устаноўленымі правіламі. Маладажонам даецца магчымасць выбраць зручную дату, час і фармат правядзення цырымоніі. Тут аказваюць дапамогу парам у падрыхтоўцы неабходных дакументаў і кансультуюць па пытаннях прававых наступстваў афіцыйнага шлюбу. Таксама спікеры распавялі навучэнцам пра працэдуры разводу і юрыдычныя нюансы працэсу.
Аддзел ЗАГС рэгіструе факты смерці грамадзян, фіксуе даныя пра месца пахавання і выдае адпаведныя пасведчанні сваякам памерлых асоб. Гэта важныя працэдуры для афармлення спадчыны і вырашэння пытанняў, звязаных з пенсіённым забеспячэннем сваякоў памерлага грамадзяніна.
Госці падзяліліся сваім асабістым стаўленнем да прафесіі, адзначыўшы, што работа спецыяліста ЗАГС дае ўнікальны вопыт зносін з людзьмі розных узростаў і лёсаў, дазваляе назіраць розныя бакі чалавечага жыцця і станавіцца сведкам значных момантаў у лёсе кожнай асобнай сям'і.
Выступленне спікераў і пытанні, якія задавалі школьнікі пра правілы дзяржаўнай рэгістрацыі важнейшых жыццёвых падзей, дапамогуць маладым людзям загадзя падрыхтавацца да дарослага жыцця, пазбегнуць праблем з афармленнем юрыдычных дакументаў і прыняць усвядомленыя рашэнні, якія датычацца сямейнага жыцця і асабістага дабрабыту.


































