
«Тваё застанецца тваім»: творчая сустрэча з Вольгай Русілка і прэзентацыя кнігі «Котра»
- Details
- Створана 23.05.2025 11:56
Сустрэча з Вольгай Русілка, пісьменніцай, педагогам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама, адбылася 21 мая ў абласной бібліятэцы.
Творчую сустрэчу «Тваё застанецца тваім» і прэзентацыю кнігі «Котра» Вольга Русілка прысвяціла 80-годдзю Перамогі. Размову з чытачамі яна пачала менавіта з тэмы Вялікай Айчыннай вайны, расказала пра сваіх родных, іх ваенныя лёсы, пра помнікі, што стаяць у гонар герояў у яе родных Берштах на Гродзеншчыне. Прагучала шмат вершаў пра родныя мясціны, блізкіх людзей, каханне, пра тое, што хвалюе аўтара сёння.
У прэзентацыі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, паэтка Ірына Радзіхоўская, пісьменніца, журналіст Святлана Дзядзінкіна, былыя калегі Вольгі Русілка – выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
Вольга Русілка добра вядома ў нашай краіне як літаратуразнаўца, педагог, метадыст. Ужо 30 год беларускія вучні вывучаюць родную літаратуру па падручніку, суаўтарам якога яна з'яўляецца. Многія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Віцебшчыны некалі вучыліся ў Вольгі Іванаўны, некаторыя з іх прыйшлі на творчую сустрэчу і сказалі нямала цёплых словаў пра свайго выкладчыка. А вучні гімназіі № 7 г. Віцебска імя П. Я. Кандраценкі і іх настаўнік Галіна Мароз даслалі відэа з чытаннем вершаў паэткі.
Цудоўная праграма была падрыхтавана да прэзентацыі кнігі артыстамі Беларускага тэатра «Лялька». Артыстка тэатра, вядучы майстар сцэны Вольга Маханькова прадставіла мініяцюру «Давальны склон», а ў выкананні артыста тэатра, вядучага майстра сцэны Юрыя Франкова прагучалі празаічныя замалёўкі з новай кнігі «Котра». Таксама ўдзельнікі прэзентацыі пабачылі відэазапіс з песняй на верш Вольгі Русілка ў выкананні артыстаў Ганны Ляўшыцкай і Кірыла Баброўскага. Музыку да песні напісала кампазітар Надзея Несцярэнка, якая выступіла на мерапрыемстве.


































