
Віцебская абласная бібліятэка ў XIII Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытаннях
- Details
- Створана 26.05.2025 13:20
ХIII Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні дзяцей і моладзі «Духоўна-маральны патэнцыял Беларусі: культура, вера, роднае слова» адбыліся 23 мая на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Мерапрыемства прайшло з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, духоўных каштоўнасцей, традыцый нацыянальнай культуры і мовы, а таксама стварэння ўмоў для інтэлектуальных зносін і падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі, якія праяўляюць цікавасць да даследчай і навуковай дзейнасці.
Дзякуючы сучасным тэхналогіям удзельнікі з усіх куткоў Беларусі змаглі далучыцца да Чытанняў дыстанцыйна, што значна пашырыла геаграфічны ахоп мерапрыемства і павысіла яго даступнасць.
З дакладам «Евфросиния Полоцкая в сонме святых покровителей Витебщины» выступіла загадчык агульнай чытальнай залы Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Патоцкая. Яна падзялілася гісторыяй стварэння праекта «Святыя заступнікі Віцебшчыны», які стаў важным крокам у захаванні і папулярызацыі духоўнай спадчыны нашага рэгіёна.
У сваім выступленні Таццяна Патоцкая надала асаблівую ўвагу прападобнай Еўфрасінні Полацкай – адной з самых ушанаваных святых Беларусі. А таксама падрабязна азнаёміла аўдыторыю з кожным раздзелам электроннага рэсурсу, прадставіўшы найбагацейшы матэрыял пра жыццё і дзейнасць святой і новыя факты, якія падкрэсліваюць яе сувязь з горадам Віцебскам.
Мультымедыйны праект «Святыя заступнікі Віцебшчыны» з'яўляецца каштоўным інструментам для педагогаў, даследчыкаў і моладзі, якія імкнуцца паглыбіць веды пра духоўныя традыцыі рэгіёна. Абласная бібліятэка запрашае ўсіх зацікаўленых чытачоў актыўна выкарыстоўваць гэты рэсурс для самастойных даследаванняў, пашырэння кругагляду і знаёмства са святынямі і гістарычнымі асобамі, звязанымі з Віцебскай зямлёй.


































