
Абласны семінар «Аматарскія калектывы ў сацыякультурнай дзейнасці публічных бібліятэк»
- Details
- Створана 02.06.2025 09:57
Абласны семінар «Аматарскія калектывы ў сацыякультурнай дзейнасці публічных бібліятэк рэгіёна» для кіраўнікоў непрафесійных аматарскіх калектываў са званнем «народны» і спецыялістаў бібліятэк Віцебскай вобласці прайшоў 28-29 мая.
Бібліятэкараў, якія ажыццяўляюць арганізацыю дзейнасці аматарскіх аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах, віталі дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян і галоўны спецыяліст аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Зоя Гукава.
Дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч спынілася на пытаннях арганізацыі работы клубных фарміраванняў на базе бібліятэк. Аксана Воранава, вядучы метадыст аддзела бібліятэказнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі, прадставіла аналіз работы і сучасны стан аматарскіх аб'яднанняў у бібліятэках рэгіёну.
Шчыры водгук у гасцей з усіх раёнаў Віцебскай вобласці выклікала выступленне загадчыка агульнай чытальнай залы абласной бібліятэкі Таццяны Патоцкай, якая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з гісторыяй стварэння і дзейнасцю батлеечнага тэатра.
Майстар-клас па выцінанцы правяла для бібліятэкараў загадчык сектара па выставачнай дзейнасці Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ганна Перліна.
Удзельнікаў семінара не пакінулі абыякавымі выступленні Галіны Сташкевіч, кіраўніка народнага літаратурна-музычнага калектыву «Крылы» цэнтральнай бібліятэкі імя У. У. Маякоўскага ЦБС г. Наваполацка, і Марыі Карновіч, бібліятэкара Курынскай сельскай бібліятэкі Віцебскай РЦБС.
З асноўнымі напрамкамі работы народнага моладзевага тэатра «Кола» ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» пазнаёміла кіраўнік тэатра Уладзіслава Цвікі.
Завяршыўся першы дзень семінара агляднай экскурсіяй па культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна» і знаёмствам з яго аматарскімі аб'яднаннямі.
Другі дзень прафесійнай сустрэчы прайшоў у Лёзненскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Пасля прывітальных слоў намесніка старшыні Лёзненскага раённага выканаўчага камітэта Марыны Фалібога-Петуховай, загадчыка сектара культуры райвыканкама Сяргея Піваварчыка і дырэктара бібліятэкі Марыны Бондаравай, а таксама займальнай экскурсіі па бібліятэцы, удзельнікі з цікавасцю азнаёміліся з творчай дзейнасцю народнага клуба кветкаводаў і садаводаў-аматараў «Флора» (кіраўнік Наталля Іванова) і народнай студыі літаратурнай творчасці «Пад абажурам» (кіраўнік Алена Бахмацкая).
Двухдзённая работа прадстаўнікоў бібліятэк Віцебскай вобласці завяршылася значным вынікам: абнавіліся прафесійныя тэарэтычныя веды, практычны вопыт узбагаціўся прыкладамі дзейнасці розных аматарскіх аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах, у працэсе жывых зносін з калегамі з'явіліся карысныя кантакты і ідэі новых праектаў.


































