
Лета з Катом Фаліянтам
- Details
- Створана 24.06.2025 14:09
Лета – час прыгод, і Кніжны Кот Фаліянт гэта выдатна разумее! Ен адправіўся ў захапляльнае падарожжа па абласной бібліятэцы разам з рабятамі з летніх лагераў віцебскіх школ, гімназій і іншых устаноў адукацыі.
Падчас экскурсіі «Кніжныя гісторыі» дзеці пазнаёміліся з дзіўнымі старадаўнімі кнігамі, змаглі патрымаць на далоньцы кніжку-малютку і пагартаць першы беларускі буквар. У аддзеле рэдкай кнігі іх чакаў сапраўдны сюрпрыз – выстава-прагляд «Кніжная вясёлка лета», дзе яны ўбачылі незвычайныя і сучасныя выданні для дзяцей: кнігі-гульні, кнігі-пазлы, размаўлялыя кнігі і нават якія свецяцца ў цемры!
Але сапраўдныя прыгоды пачаліся ў творчай майстэрні Ката Фаліянта «Вясёлая катавасія». Дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне «Свая гульня», падарожнічалі ў Старажытны Егіпет, Мурманск, Санкт-Пецярбург і Абакан, знаёміліся з літаратурнымі катамі і даведваліся аб звычках хатніх гадаванцаў. Кемлівасць і творчая фантазія дапамаглі дзецям выканаць усе заданні і стварыць уласнага ўнікальнага Казачнага ката.
Юныя следапыты таксама пагрузіліся ў гісторыю кніжных закладак на занятку «Надзейныя спадарожнікі кнігі». Яны даведаліся, калі з'явіліся першыя закладкі і з чаго іх рабілі, а таксама якія кніжныя закладкі вынаходзяць у ХХІ стагоддзі. Пад кіраўніцтвам Ката Фаліянта рабяты самі стварылі непаўторныя закладкі з паперы, кардону і рознакаляровых стужак.
Напрыканцы кожнай сустрэчы ўсе ўдзельнікі атрымлівалі сапраўдны чытацкі білет з лап Ката Фаліянта – прыемны сюрпрыз для кожнага! І такіх шчасліўчыкаў больш за 300 хлопчыкаў і дзяўчынак!
Лета працягваецца, і Кніжны Кот запрашае ўсіх юных жыхароў горада стаць удзельнікамі летняй праграмы «Кніжныя гісторыі Ката Фаліянта». Для гэтага патрэбны ўсяго толькі добры настрой і чытацкі білет нашай бібліятэкі!


































