
«Да кнігі і чытання – праз вольны час і зносіны...»
- Details
- Створана 25.06.2025 16:31
Аддзел выданняў на замежных мовах абласной бібліятэкі працягвае радаваць чытачоў яркімі падзеямі летняга сезона, які праходзіць пад дэвізам «Да кнігі і чытання – праз вольны час і зносіны...». Яскравымі прыкладамі сталі мерапрыемствы, арганізаваныя спецыяльна для ўдзельнікаў школьных лагераў.
Займальнае падарожжа ў свет паходжання алфавітаў розных народаў свету адбылося ў рамках лінгвамайстэрні «Алфавіты розных моў: з чаго ўсё пачыналася». Дзеці зазірнулі ў гістарычнае мінулае, даведаўшыся пра таямніцы з'яўлення першай літары «А» і прасачыўшы шлях развіцця пісьменства ад старажытных цывілізацый да нашых дзён. Завяршылася гэта сустрэча крэатыўным заданнем – стварэннем аб'ёмнай літары «О».
Інтэрактыўны занятак паводле твора Святланы Бугаёвай «Спадарыня Злюка» быў прысвечаны абмеркаванню вечных паняццяў дабра і зла. Удзельнікі правялі сапраўдную дыскусію пра рысы характару чалавека, а таксама стварылі серыю мастацкіх вобразаў уласнага ўспрымання персанажаў казкі.
Развіваць інтэлектуальныя здольнасці чытачоў дапамагаюць такія мерапрыемствы, як літаратурная гульня «Літаратурнае лато». Школьнікі дэманстравалі свае веды сусветнай класікі і праверылі эрудыцыю. Самыя актыўныя ўдзельнікі былі адзначаны медалямі «Літаратурная сава».
У чэрвені стартаваў захапляльны літаратурны турнір «Кніжная перавага», мэтай якога з'яўляецца прасоўванне дзіцячых прыярытэтаў у чытанні і стварэнне электроннай калекцыі аглядаў і водгукаў на любімыя кнігі. Гэтыя матэрыялы будуць размешчаны на сайце абласной бібліятэкі.
І вядома ж, аддзел выданняў на замежных мовах традыцыйна праводзіць аглядныя экскурсіі па бібліятэцы, якія дазваляюць наведвальнікам пазнаёміцца з багатым фондам аддзелаў і адчуць атмасферу сапраўднага кніжнага свята.


































