
Адкрыццё фотавыставы «Яна працягваецца»
- Details
- Створана 01.07.2025 16:20
З 25 чэрвеня ў Віцебску праходзіць Х Міжнародны фестываль фатаграфіі «ФотаКрок» імя Сігізмунда Юркоўскага.
«ФотаКрок» – адзіны фестываль фатаграфіі ў Беларусі, які за гады існавання значна вырас па колькасці ўдзельнікаў і праектаў. У рамках фестывалю і святкавання Дня горада Віцебска ў абласной бібліятэцы адкрылася фотавыстава расійскага фатографа Алёны Качатковай.
Алёна нарадзілася ў Калузе, з 18 гадоў займаецца фатаграфіяй. З часам захапленне стала прафесійнай дзейнасцю. Фатограф шмат здымае на сацыяльную тэматыку і неаднаразова станавілася прызёрам міжнародных конкурсаў і фестываляў у Літве, Расіі, ЗША, Францыі. Галоўная ўзнагарода ў галіне фотажурналістыкі – World Press Photo 2019 (Нідэрланды).
На выставе «Она продолжается» прадстаўлены фатаграфіі, якія расказваюць пра барацьбу Алены з анкалогіяй і нараджэннем дзіцяці пасля. Падчас цяжарнасці яна працягнула фатаграфаваць. Так яе серыя фатаграфій перарасла ў натхняльную гісторыю аб хваробе, барацьбе і новым жыцці. Фотагісторыя Алены апублікавана ў Германіі, ЗША, Францыі, Японіі. Людзям, якія праходзяць праз лячэнне анказахворвання, важна пачуць таго, хто асабіста прайшоў гэты шлях.
Пасля адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя фотакнігі Алены Качатковай «Она продолжается». У выданні фотаработы суправаджае тэкст – жывы, нефармальны маналог аб гэтым няпростым часе.
Напрыканцы сустрэчы Алена Качаткова і Васіль Пруднікаў падарылі ў фонд бібліятэкі альбомы фатаграфій, якія будуць карысныя для аматараў фотамастацтва.
Выстава «Она продолжается» працуе ў галерэі 1-га паверха да 28 ліпеня.


































