
Аб мерапрыемствах у рамках святкавання Дня бібліятэк
- Details
- Створана 19.09.2012 10:03
Мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Дня бібліятэк, пачаліся ў гэтым годзе з выставы-прагляду кніг беларускіх аўтараў "Вітаю цябе, беларуская кніга", якая прайшла ў аддзеле абанемента 10-11 верасня, на ёй было прадстаўлена больш за сто выданняў. Сярод якіх кнігі вядомых беларускіх пісьменнікаў М. Башлакова, В. Гігевіча, В. Тарасевіч, А. Федарэнкі і інш., кнігі папулярных серый "Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі", "Залатое пяро", "Беларуская сучасная фантастыка" і інш.
11 верасня адбыўся заключны этап дабрачыннай акцыі "Хоспис: чужая боль, как своя". Чытачамі і супрацоўнікамі бібліятэкі было сабрана і перададзена ў аддзяленне паліятыўнага догляду пры Акцябрскай сельскай участковай бальніцы больш трохсот кніг, а 14 верасня завяршылася яшчэ адна дабрачынная акцыя, падчас якой у Цэнтр часовага знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства г. Віцебска было адпраўлена 625 экзэмпляраў кніг.
На працягу тыдня ў бібліятэцы праводзіліся экскурсіі для студэнтаў першых курсаў ВДУ імя П. М. Машэрава, мастацка-тэхналагічнага факультэта ВДТУ, навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага. Напярэдадні Дня бібліятэк супрацоўнікамі аддзела дзіцячай літаратуры быў праведзены агляд-прэзентацыя перыядычных выданняў "Для ўсіх і кожнага перыёдыка розная", выстава-прагляд "Хлопцам і дзяўчатам, а таксама іх бацькам", на якой былі прадстаўлены новыя паступленні (больш за 100 экземпляраў), агляд перыёдыкі ў дзіцячым садзе № 97 і СШ № 12, экскурсія "Вам знаком книжкин дом?" для выхаванцаў дзіцячых садоў № 106 і № 6. У рамках падпраграмы "У кожным дзіцяці – сонца" прайшоў урок бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў "Структура кнігі" ў дапаможнай школе № 26 для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а ў бібліятэцы адбылася выстава творчасці навучэнцаў гэтай школы "Вот умелец я какой!".
15 верасня супрацоўнікі аддзела абанемента запрасілі на выставу-панараму новых паступленняў "Добро пожаловать в мир книг". На экспазіцыі, якая размясцілася ля цэнтральнага ўваходу бібліятэкі, было прадстаўлена больш за 300 выданняў мастацкай, навуковай і навукова-папулярнай літаратуры сучасных расійскіх і беларускіх аўтараў, працаваў мабільны пункт выдачы літаратуры.
Адной з цэнтральных падзей святкавання Дня бібліятэк стала прэзентацыя біяграфічнага даведачнага выдання М. П. Кузьміча "Імёны, асобы, лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы", якая прайшла 15 верасня. Мерапрыемства было падрыхтавана работнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. На ім прысутнічалі бібліятэкары, чытачы, віцебскія краязнаўцы, журналісты. Увазе наведвальнікаў былі прапанаваны выставы "Асобы. Імёны. Лёсы " і "Збіральнікі лёсаў адметных асоб". Пра бясспрэчную значнасць кнігі для шырокага кола чытачоў гаварылі ў сваіх выступленнях дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі А. І. Сёмкін, кандыдат гістарычных навук М. В. Півавар, М. А. Ляшчынскі. Вядучы спецыяліст аддзела рэкламнай дзейнасці рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва" В. С. Рыбачонак таксама дала станоўчую ацэнку сумеснай працы М. П. Кузьміча і яго сааўтара М. І. Сцепаненкі і прадставіла новыя праекты выдавецтва. Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў прэзентацыі сталі выступленні нашчадкаў вядомых асоб. А. М. Транкевіч расказала пра славутага военачальніка Л. М. Даватара. Успамінамі аб сустрэчах з вядомым графікам С. Б. Юдовіным падзялілася яго сваячка С. Л. Юдовіна. У канцы сустрэчы свой пункт гледжання на выданне выказаў сам аўтар і падзякаваў супрацоўнікам абласной бібліятэкі за прапаганду творчасці мясцовых аўтараў і ўвагу да захавання памяці аб вядомых людзях Віцебшчыны.






























































