
Канікулы з карысцю: веды і забавы для юных чытачоў
- Details
- Створана 02.07.2025 10:00
Лета – гэта час канікул, сонечных дзён і прыгод. Для многіх дзяцей гэта не толькі адпачынак, але і магчымасць даведацца пра нешта новае. Абласная бібліятэка ў гэты перыяд становіцца не проста сховішчам кніг, а папулярным месцам для правядзення летняга вольнага часу.
Супрацоўнікі агульнай чытальнай залы арганізавалі для дзяцей з віцебскіх школ шэраг цікавых мерапрыемстваў.
Адной з іх стала інтэлектуальная гульня «Дарога веры: жыццё Еўфрасінні», дзе ўдзельнікі адказвалі на пытанні пра жыццё і дзейнасць Еўфрасінні Полацкай і яе ўклад у культурнае развіццё Беларусі. Даведацца пра цікавыя факты можна было з дапамогай рэсурсу «Святыя заступнікі Віцебшчыны».
На эканамічнай гульні «Школа супергерояў фінансавай пісьменнасці» выхаванцы летняга лагера асвоілі асновы планавання і размеркавання фінансаў. Праяўляючы крэатыўнасць і кемлівасць, рабяты вырашалі фінансавыя галаваломкі, актыўна разважалі над заданнямі, звязанымі з грашыма, адгадвалі эканамічныя загадкі.
Для павышэння ўзроўню дасведчанасці пра правілы бяспечных паводзін была арганізавана інтэрактыўная віктарына «Лето – прекрасно, когда безопасно!». Дзеці спаборнічалі ў веданні правілаў дарожнага руху, адказвалі на «пытанні з падвохам» пра супрацьпажарную бяспеку, разбіраліся ў прынцыпах паводзін пры ўзнікненні складаных сітуацый у рэальным жыцці.
Дзякуючы адукацыйным праектам у абласной бібліятэцы кіраўнікі летніх лагераў знаходзяць новыя спосабы арганізаваць дзіцячыя канікулы цікава, карысна і бяспечна. Дзеці разам з ведамі і навыкамі набываюць пазітыўныя ўражанні і новых сяброў!


































