
Жылі-былі ў міфах так…
- Details
- Створана 11.07.2025 14:22
Акунуцца ў захапляльны і загадкавы свет беларускай міфалогіі, даведацца аб цікавых падрабязнасцях пра вераванні і звычаі нашых продкаў змаглі наведвальнікі абласной бібліятэкі ў рамках праекта «Міфалогія роднага краю».
З сакавіка па чэрвень 2025 года супрацоўнікі аддзела рэдкай кнігі і аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці праводзілі для чытачоў экскурсіі, інтэрактыўныя праграмы і творчыя майстэрні.
У выставачнай зале «Ex Libris» працавала выстава «Дзівосны свет беларускіх міфалогіі», якая знаёміла ўсіх жадаючых з рэдкімі выданнямі прац знакамітых збіральнікаў і даследчыкаў беларускага фальклору XIX стагоддзя Мікалая Нікіфароўскага і Паўла Шэйна, навуковымі і энцыклапедычнымі выданнямі, мастацкімі творамі беларускіх пісьменнікаў, у аснову якіх былі пакладзены фальклорныя сюжэты.
Упрыгожаннем экспазіцыі сталі Паазерскія Русалкі, магутны Цмок, выдатныя Вужалкі, апякун рэк Жэўжык, загадкавы Шляпнік і іншыя міфічныя істоты, створаныя ў розных тэхніках мастацкага выканання – жывапіс, салома- і лозапляценне, разьба па дрэве, пап'е-машэ, кераміка, роспіс, выцінанка.
Убачыць каларытных персанажаў, зробленых таленавітымі рукамі майстроў народных мастацкіх рамёстваў Віцебшчыны, чытачы бібліятэкі змаглі дзякуючы падтрымцы Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Гарманічна дапаўняючы друкаваныя выданні, яны раскрылі для наведвальнікаў выставы самабытнасць і разнастайнасць беларускай культурнай спадчыны.
Інтэрактыўная праграма «Свет таямнічага вогнішча: падарожжа ў краіну беларускіх міфаў» знаёміла юных чытачоў бібліятэкі з героямі народных казак і легенд – іх характарамі, звычкамі і норавамі. Дзеці з задавальненнем шукалі па апісанні Жыценя, Лазавіка, Еўніка сярод іншых міфалагічных персанажаў на выставе, адказвалі на пытанні казачнай віктарыны, спрытна пазбягалі Лесавіка ў беларускай народнай гульні. Самыя смелыя нават зазіралі ў пашчу саламянага Цмока і абяцалі абавязкова знайсці Папараць-кветку.
Падчас заняткаў у творчай майстэрні «Героі міфаў і легенд Беларусі» школьнікі вывучалі каларытных фальклорных герояў, якія жылі побач з нашымі продкамі – у дамах, палях, лясах, азёрах і балотах. А затым выдумлялі і ўвасаблялі выяву змяінага ўладара – Вужынага караля. Гэтая велічная істота з залатым вянцом, па легендзе жыве ў Лепельскім возеры, мудра кіруе ўсімі поўзаючымі істотамі і надзейна абараняе патаемныя багацці падземных пячор.
За тры з паловай месяцы ўдзельнікамі праекту «Дзівосны свет беларускай міфалогіі» сталі амаль 300 чалавек.


































