
Творчая сустрэча з Уладзімірам Снапкоўскім: экскурс у гісторыю і сучаснасць
- Details
- Створана 30.07.2025 15:21
Творчая сустрэча з доктарам гістарычных навук, прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімірам Снапкоўскім прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 29 ліпеня.
Гэта падзея стала часткай цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Уладзімір Снапкоўскі – прызнаны эксперт у галіне знешняй палітыкі Беларусі, аўтар шматлікіх зборнікаў навуковых артыкулаў і вучэбных дапаможнікаў, якія ахопліваюць гісторыю знешнепалітычнай дзейнасці краіны з моманту яе ўтварэння да канца XX стагоддзя. Ен таксама з'яўляецца адным з заснавальнікаў факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, што падкрэслівае яго значны ўклад у развіццё акадэмічнага асяроддзя.
Прафесар расказаў аб сваіх першых навуковых работах, якія датычыліся значных аспектаў удзелу Беларусі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Жывую дыскусію сярод прысутных выклікала абмеркаванне актуальных праблем і перспектыў беларуска-расійскіх адносін.
Як ураджэнец Віцебска, Уладзімір Еўдакімовіч не мог абысці бокам сваю малую радзіму. У яго выступленні прагучалі кранальныя ўспаміны аб сям'і, родным горадзе, першых настаўніках і школьных сябрах. Навуковец акцэнтаваў увагу на важнасці захавання гістарычнай памяці і перадачы ведаў наступным пакаленням, падкрэсліваючы, што гісторыя – гэта не проста даты і падзеі, а жывая нітка, якая злучае людзей і фармуе іх ідэнтычнасць.


































