
Круглы стол «Памяць пакаленняў: Лічбавая Гісторыя Перамогі»
- Details
- Створана 11.07.2025 15:30
Круглы стол «Памяць пакаленняў: Лічбавая Гісторыя Перамогі» сабраў 10 ліпеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Віцебскай абласной бібліятэкі, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, якія падзяліліся сваім вопытам па стварэнні электронных дакументаў і інтэрнет-рэсурсаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Падкрэсліваючы важнасць захавання гістарычных сведчанняў, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян перадала ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі фрагмент газеты «За свабодную Беларусь» (1942 года).
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая падзялілася вопытам лічбавізацыі дакументаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. 1944 года па май 1945 года, адлюстраваныя ў беларускіх газетах з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, асвятліў работу па аблічбоўцы дакументаў устаноў і арганізацый, якія дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі Віцебшчыны ў 1941–1944 гадах. Гэтыя архіўныя матэрыялы наглядна дэманструюць метады і характар нямецка-фашысцкай палітыкі на акупаваных землях, а таксама змяшчаюць інфармацыю пра ўсе аспекты жыцця ў той перыяд. Дакументы раскрываюць злачынствы акупантаў, масавыя знішчэнні мірных грамадзян і ваеннапалонных, прымусовую работу ў Германіі, разбурэнне і разрабаванне культурных каштоўнасцей. Работа па стварэнні сістэмы адчыненага доступу да гэтых матэрыялаў працягваецца, каб любы жадаючы мог з імі азнаёміцца.
Ларыса Рагачова, загадчыца аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі, прадставіла новы мультымедыйны праект «Ад аперацыі "Сувораў" да аперацыі "Баграціён"». У яго ўвайшлі звесткі аб ураджэнцах Віцебшчыны і Смаленшчыны, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза за вызваленне нашых абласцей ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры інфармацыйнай падтрымцы Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя А. Т. Твардоўскага былі сабраны, аблічбаваны і структураваны матэрыялы з розных крыніц, уключаючы энцыклапедыі, даведнікі і архіўныя дакументы. Новы мультымедыйны рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Ад аперацыі "Сувораў" да аперацыі "Баграціён"» стане даступным для карыстальнікаў ужо ў верасні.


































