
Адкрыццё персанальнай выставы ілюстрацый І. Дз. Шаймарданава
- Details
- Створана 04.08.2025 13:59
1 жніўня ў абласной бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы і прэзентацыя кнігі «А. С. Пушкин. Сказка о попе и работнике его Балде» тэатральнага мастака, ілюстратара, графіка, члена Саюза мастакоў і Саюза тэатральных дзеячаў Расіі Ігара Шаймарданава, у рамках супрацоўніцтва з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае».
Ігар Дзмітрыевіч шмат і плённа супрацоўнічае з Пушкінскім запаведнікам. У фондах музея захоўваецца шырокая калекцыя яго твораў, мастацкіх цыклаў, прысвечаных А. С. Пушкіну і яго творчасці. Яго работы адрозніваюцца гумарам, выпраменьваюць дабрыню і любоў, поўныя жыццялюбства і душэўнасці. Мастак увесь час эксперыментуе ў пошуках вобразаў, сюжэтаў, кампазіцый і тэхнік увасаблення. Яго жыццё і творчасць непарыўна звязаны з Пскоўскай зямлёй. У 2008 і 2009 гадах І. Шаймарданаў быў галоўным мастаком Усерасійскага Пушкінскага свята паэзіі ў Міхайлаўскім.
Ігар Шаймарданаў нарадзіўся ў г. Камбарку (Удмуртыя). Скончыў Нафтакамскую мастацкую школу, Ёшкар-Алінскае мастацкае вучылішча, Санкт-Пецярбургскую Акадэмію тэатральнага мастацтва. Шмат гадоў працуе як тэатральны мастак у тэатры «Малады чалавек» (г. Іжэўск).
На адкрыцці выставы бібліятэцы былі падораны кнігі твораў А. С. Пушкіна з ілюстрацыямі Ігара Шаймарданава. Выданні сталі яскравым дадаткам да экспазіцыі і дазволяць наведвальнікам бліжэй пазнаёміцца з класікай у новым мастацкім выкананні. Таксама ў рамках мерапрыемства дырэктар Пушкінскага музея-запаведніка Георгій Васілевіч прадставіў кнігу «Сообщество пушкинских музеев. К 225-летию со дня рождения А. С. Пушкина». У ёй расказваецца аб рэстаўрацыі пушкінскіх мемарыялаў, новых экспазіцыях, аб кнігах, выпушчаных да памятнай даты, навуковых канферэнцыях, выставах, спектаклях.
Выстава працягнецца да 12 верасня.


































