
Лета кнігалюбаў
- Details
- Створана 19.08.2025 09:08
Лета заўсёды адкрывае перад школьнікамі бязмежныя гарызонты прыгод, радасці і творчасці. Але самыя незабыўныя ўражанні здараюцца там, куды дзеці адпраўляюцца адпачываць разам. Напрыклад, у Віцебскую абласную бібліятэку.
На летніх канікулах аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці прымаў удзельнікаў школьных лагераў у «Кніжным каралеўстве». Юныя чытачы навучыліся правільна паводзіць сябе і карыстацца паслугамі бібліятэкі з дапамогай герояў мультфільмаў. У інтэлектуальнай гульні-віктарыне «Угадай-ка казку» дзеці дэманстравалі сваю начытанасць, успаміналі сюжэты і персанажаў любімых твораў. На невялікай экскурсіі яны пазнаёміліся з бібліятэчнай прасторай і змаглі выбраць цікавыя кнігі ў дзіцячым аддзеле.
У завяршэнне сустрэчы ўсіх чакаў творчы момант: стварэнне ўласнай закладкі для кнігі. Гэты значны сувенір стаў сімвалам візіту і напамінам пра тое, што бібліятэка – гэта не толькі сховішча кніг і месца для чытання, але і прастора для творчасці і радасці, напоўненая яркімі эмоцыямі і каштоўнымі ўражаннямі.


































