
Дзень ведаў пачынаецца... у бібліятэцы!
- Details
- Створана 02.09.2025 10:40
1 верасня вучні сярэдняй школы № 6 г. Віцебска імя А. Я. Белахвосцікава пачалі свой навучальны год незвычайна – з захапляльнага падарожжа ў свет кніг, якое прайшло ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Падчас экскурсіі «Кніжныя гісторыі» рабяты разам з абаяльным Катом Фаліянтам пабывалі ў аддзеле абанемента, дзе іх сустрэў прафесар Мур. Там школьнікі пазнаёміліся з самымі цікавымі кнігамі пра котак і катоў – пухнатых героях літаратурных прыгод.
Працягваючы падарожжа па бібліятэцы, дзеці дапамаглі сабраць школьны заплечнік кату Васілю, праявілі кемлівасць і эрудыцыю ў дзіцячым аддзеле, адказваючы на пытанні мудрага Ката Вучонага. У аддзеле рэдкай кнігі іх чакалі сапраўдныя скарбы: старадаўнія выданні, мініяцюрныя кніжкі і старажытная азбука, якую можна было пагартаць уласнымі рукамі.
Асаблівую цікавасць выклікала выстава-прагляд «Чудо-книжки – чудо-детям», дзе былі прадстаўлены незвычайныя сучасныя выданні: кнігі-гульні, кнігі-пазлы і нават кнігі-панарамы – сапраўднае чараўніцтва на старонках!
Школьнікі даведаліся, як наладжана работа бібліятэкі, як захоўваюцца кнігі і як стаць яе чытачом. А з дапамогай любімых мультгерояў яны вывучылі важныя правілы беражлівага абыходжання з кнігамі.
Напрыканцы сустрэчы Кот Фаліянт урачыста ўручыў кожнаму школьніку імянны чытацкі білет – першы крок у іх асабістае літаратурнае падарожжа.
Такія мерапрыемствы не толькі знаёмяць дзяцей з бібліятэкай, але і абуджаюць цікавасць да чытання, натхняюць на адкрыццё новых гісторый і ведаў. Спадзяемся, што гэты Дзень ведаў стане пачаткам доўгай і займальнай вандроўкі ў свет літаратуры!


































