
Кніжныя скарбы Беларусі. «Апостол» Францыска Скарыны
- Details
- Створана 04.09.2025 11:17
У 2025 годзе спаўняецца 500 гадоў з дня першай публікацыі «Апостола» Францыскам Скарынай.
Гэта знамянальная падзея для беларускай культуры і кнігадрукавання, бо «Апостол» 1525 года – гэта першае ў свеце друкаванае выданне такога кшталту на царкоўнаславянскай мове.
«Апостол» («Книга деяния и послания апостольская, зовемая Апостол») – апошняе выданне Францыска Скарыны. Беларускі першадрукар забяспечыў яго 22 прадмовамі і 17 пасляслоўямі. Кніга мае невялікі фармат (каля 16 см. у вышыню) і даволі значны аб'ём (352 ліста, або 704 старонкі), упрыгожана вялікай колькасцю заставак і ініцыялаў. Як і «Малая падарожная кніжка», «Апостол» 1525 г. прызначаўся для шырокага кола чытачоў.
Сёння «Апостол» Ф. Скарыны 1525 г. – гэта рарытэт. Усяго захавалася 10 экзэмпляраў гэтай кнігі, якія знаходзяцца ў бібліятэках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Львова і Лондана.
У рамках праекта «Дакрануцца рукой да рарытэта!» аддзел рэдкай кнігі запрашае пазнаёміцца з факсіміле ўнікальнай кнігі, якое было выпушчана ў 2017 годзе ў рамках шматтомнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».
Выставачную экспазіцыю дапаўняюць выданні, якія знаёмяць з гісторыяй беларускага кнігадрукавання, жыццём і дзейнасцю Ф. Скарыны, яго філасофскімі і гуманітарнымі поглядамі.
Пазнаёміцца з выставай можна да 30 верасня 2025 г. у аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі.








































