
Святочныя мерапрыемствы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
- Details
- Створана 12.09.2025 15:00
12 верасня 2025 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня бібліятэк Беларусі.
Адной з ключавых падзей стала ІІ Рэспубліканская навукова-метадычная канферэнцыя «Сучасны стан публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь». У рамках канферэнцыі з тэматычным дакладам «Вялікай Перамозе 80 гадоў: культурна-адукацыйныя і рэсурсныя праекты публічных бібліятэк Віцебскай вобласці» выступіла вучоны сакратар Віцебскай абласной бібліятэкі Надзея Мелькіна.
На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў XXXIII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» дыпломам III ступені ў намінацыі «За значны ўклад у работу з падрастаючым пакаленнем» быў адзначаны філіял «Бібліятэка-клуб Забор'е» ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Расонскага раёна».
Асаблівая ўвага была ўдзелена ўручэнню прафесійных узнагарод. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян удастоена Падзякі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай галіны і ў сувязі са святкаваннем Дня бібліятэк.
Кіраўнікі абласных бібліятэк, а таксама цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм г. Мінска пры ўдзеле грамадскага аб'яднання «Беларуская бібліятэчная асацыяцыя» прынялі ўдзел у круглым стале «Перспектывы развіцця бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь».
Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай, якая стала яскравым фінальным акордам дня, аб'яднаўшы ўдзельнікаў у атмасферы творчасці, натхнення і прафесійнага адзінства.


































