
Выстава «У Краіне цудаў Алісы: падарожжа падарожжа ў фантазію»
- Details
- Створана 16.09.2025 13:52
15 верасня ў выставачнай зале «Ex Libris» Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «У Краіне цудаў Алісы: падарожжа ў фантазію», прымеркаванай да 160-годдзя выхаду ў свет знакамітай кнігі Льюіса Кэрала «Аліса ў Краіне цудаў».
Казка пра дзяўчынку, якая смела рушыла ўслед за Белым трусам і апынулася ў мудрагелістым свеце фантазіі, працягвае натхняць чытачоў усіх узростаў. Яе непаўторная атмасфера, гульня слоў, загадкі і абсурдныя ператварэнні робяць твор актуальным і любімым ужо многія пакаленні.
У экспазіцыі прадстаўлены дзясяткі ўнікальных выданняў кнігі – з фондаў бібліятэкі і прыватных калекцый жыхароў Віцебска. Наведвальнікі могуць убачыць разнастайнасць ілюстрацый, вокладак і перакладаў, якія адлюстроўваюць эвалюцыю ўспрымання казкі ў розныя гістарычныя перыяды.
Адкрыла выставу дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян, павіншаваўшы гасцей з Днём бібліятэк Беларусі і падкрэсліўшы значнасць папулярызацыі класічных твораў сусветнай літаратуры. У сваім выступленні дызайнер і старшы выкладчык кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Марына Варахобка адзначыла, што творчасць Льюіса Кэрала працягвае натхняць маладых мастакоў і ілюстратараў.
Госці выставы сустрэліся з Чэшырскім катом і Белым трусам, прынялі ўдзел у інтэрактыўным квэсце і Вар'яцкім чаяванні. У ходзе экскурсіі яны даведаліся, як мяняўся вобраз Алісы і яе чароўнага свету, а таксама пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі стварэння кнігі.
Выстава «У Краіне цудаў Алісы: падарожжа ў фантазію» будзе працаваць у выставачнай зале «Ex Libris» да 6 лістапада. Запрашаем усіх жадаючых акунуцца ў атмасферу літаратурнага чараўніцтва і адкрыць для сябе новыя грані любімай казкі!


































