
Прэзентацыя зборніка «Родны край – наша сонца»
- Details
- Створана 17.09.2025 09:52
15 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка «Родны край – наша сонца». Зборнік выдадзены выдавецтвам «Беларусь» і ўключае вершы ўраджэнцаў Віцебшчыны Еўдакіі Лось, Веры Вярба, Галіны Загурскай.
З Днём бібліятэк Беларусі прысутных павіншавалі начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка.
Значнай падзеяй стала Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», якое падпісалі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян. Граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі за прапаганду беларускай кнігі былі ўзнагароджаны дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян і загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова.
Укладальнік зборніка, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп расказаў пра адметнасці выдання, якое выйшла ў серыі «Бібліятэка паэзіі», прычытаў вершы са зборніка і са сваёй новай кнігі.
Паэтэса Галіна Загурская не толькі прачытала свае вершы, але і прадставіла ўвазе прысутных новую песню. Відэазапіс песні даслала музычны работнік, канцэртмайстар Раіса Клімуш з Санкт-Пецярбурга.
Гучалі вершы Еўдакіі Лось і Веры Вярба ў выкананні студэнткі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Валерыі Шчарбаковай, вучняў гімназіі № 7 г. Віцебска імя П. Я. Кандраценкі Даміра Ціхамірава і Данііла Гарошкі, загадчыка аддзела краязнаўства Ларысы Рагачовай.
Зборнік «Родны край – наша сонца» ў хуткім часе з'явіцца ў фондзе бібліятэкі.


































