
Персанальная выстава жывапісу Дзмітрыя Мшара «Пейзаж. Нацюрморт»
- Details
- Створана 17.09.2025 13:50
15 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася прэзентацыя персанальнай выставы жывапісу Дзмітрыя Георгіевіча Мшара – беларускага мастака і педагога, чыя творчасць пакінула прыкметны след у культурным жыцці рэгіёна.
Экспазіцыя пад назвай «Пейзаж. Нацюрморт» прадстаўляе работы, выкананыя ў жанры станковага жывапісу. Аўтар па-майстэрску спалучае матывы імпрэсіянізму з традыцыямі беларускай мастацкай школы, ствараючы творы, напоўненыя святлом, нюансамі і тонкай каляровай гармоніяй.
Краявіды Дзмітрыя Мшара адрозніваюцца вытанчанасцю адценняў і выразнымі фактурнымі прыёмамі, а нацюрморты – глыбінёй кампазіцыі і тонкімі пераходамі колеру. Сам мастак параўноўваў працэс стварэння жывапіснай выявы з пабудовай музычнай гармоніі:
«Перадаць гэтыя адносіны вельмі складана, як пабудаваць правільную гармонію ў музычным творы».
Дзмітрый Георгіевіч Мшар нарадзіўся 5 сакавіка 1976 года ў вёсцы Стрыгінь Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1999 годзе скончыў ВДУ імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання», а ў 2008 – Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ, атрымаўшы кваліфікацыю выкладчыка культуралагічных дысцыплін.
Ён працаваў у гімназіі № 1 і Дзіцячай школе мастацтваў № 3 «Маладзік» у Віцебску, а з 2010 года – у ДШМ № 1 горада Мінска. Дзмітрый Мшар пайшоў з жыцця 10 верасня 2025 года, пакінуўшы пасля сябе багатую творчую спадчыну.
На адкрыцці выставы прысутнічалі блізкія мастака – яго жонка Кацярына Мікалаеўна Арцямёнак і брат Міхаіл, а таксама знатакі жывапісу, калегі і чытачы бібліятэкі.
Выстава «Пейзаж. Нацюрморт» будзе адкрыта для наведвальнікаў да 12 кастрычніка. Запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з працамі таленавітага майстра, чыё мастацтва працягвае натхняць і кранаць сэрцы.


































