
Лекцыя кампазітара Аляксандра Іванова «Пра што нам расказвае музыка»
- Details
- Створана 22.09.2025 12:26
18 верасня адбылася лекцыя кампазітара Аляксандра Іванова, прысвечаная двум значным напрамкам у мастацтве – мадэрнізму і постмадэрнізму. Гэтыя плыні не толькі вызначылі аблічча культурнай эпохі, але і працягваюць аказваць уплыў на сучаснае мастацтва, музыку, літаратуру.
Асаблівая ўвага была нададзена ўзаемадзеянню музыкі з іншымі відамі мастацтва, а таксама таму, як кампазітары і мастакі шукалі новыя формы самавыяўлення і адлюстроўвалі змены ў грамадстве.
Аляксандр Віктаравіч падзяліўся ўражаннямі аб навуковай манаграфіі «Гістарычнае значэнне спадчыны Б. І. Цішчанкі ў кантэксце айчынных і сусветных мастацкіх тэндэнцый XX–XXI стагоддзя» пецярбургскага кампазітара, паэта, публіцыста, выдаўца, грамадскага дзеяча Міхаіла Георгіевіча Жураўлёва.
Кампазітар падзяліўся сваімі ведамі і разуменнем музыкі Шастаковіча і Цішчанкі. Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч – адзін з самых значных кампазітараў ХХ стагоддзя. Сярод мноства яго вучняў асаблівае месца займае Барыс Іванавіч Цішчанка – выдатны кампазітар, піяніст і педагог. Сувязь паміж Шастаковічам і Цішчанкам – гэта прыклад плённага супрацоўніцтва і пераемнасці ў мастацтве, які дэманструе, як таленавіты вучань можа развіць свой унікальны голас, застаючыся пры гэтым верным прынцыпам, закладзеным вялікім настаўнікам.
Удзельнікі мерапрыемства праслухалі запіс другой часткі Дзясятай сімфоніі Д. Шастаковіча і чацвёртую, пятую часткі Канцэрта для арфы з аркестрам кампазітара Б. Цішчанкі.
Аляксандр Іваноў не проста расказаў пра музыку, ён правёў удзельнікаў у самае сэрца творчага працэсу, падзяліўся асабістымі адкрыццямі і дапамог па-новаму пачуць вядомыя творы.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага дыялога, дзе кожны змог задаць пытанні і падзяліцца думкамі.
Мы дзякуем Аляксандру Віктаравічу за цудоўны вечар і чакаем новых сустрэч у рамках праекта «Музыка для ўсіх».


































