
Краязнаўчыя сустрэчы. Аркадзь Падліпскі. Прэзентацыя кнігі «Улица Чехова, 11/44»
- Details
- Створана 24.09.2025 13:42
18 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна ў рамках праекта «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася сустрэча з вядомым віцебскім краязнаўцам Аркадзем Міхайлавічам Падліпскім.
Госць прадставіў сваю новую – ужо сямнаццатую – кнігу з серыі «Біяграфія віцебскага дома», прысвечаную будынку па вуліцы Чэхава, 11/44.
Падчас прэзентацыі аўтар расказаў пра гісторыю мужчынскага духоўнага вучылішча, будынак якога быў уведзены ў эксплуатацыю ў верасні 1892 года. На працягу дзесяцігоддзяў яно служыла розным мэтам, у ім размяшчаліся розныя ўстановы і арганізацыі. З гэтым домам звязаны імёны выдатных асоб: Леаніда Мікольскага, Мікалая Нікіфараўскага, Льва Даватара, Пятра Машэрава, Уладзіміра Смерадзінскага, Рыгора Клікушына і многіх іншых.
Аркадзь Міхайлавіч правёў для гасцей мерапрыемства займальны гістарычны экскурс, закрануўшы ключавыя этапы развіцця сістэмы адукацыі ў Віцебску і падкрэсліўшы значнасць захавання памяці аб гарадской архітэктурнай і культурнай спадчыне.


































