
Лекцыя «Свабода выбару ці выбар свабоды» ў рамках Ефрасіннеўскіх дзён
- Details
- Створана 25.09.2025 16:01
24 верасня ў бібліятэцы адбылася лекцыя на тэму «Свабода выбару або выбар свабоды», прымеркаваная да 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра – аднаго з найстаражытных духоўных цэнтраў праваслаўя, заснаванага ў XII стагоддзі ў Полацку.
Мерапрыемства прайшло ў рамках Ефрасіннеўскіх дзён, якія бібліятэка праводзіць на працягу года, даючы чытачам магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі духавенства Беларускага экзархата і дакрануцца да духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай.
Лекцыю правёў іерэй Дзіянісій Андрэеў, прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі. Сустрэча з навучэнцамі Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў была прысвечана пытанням унутранай свабоды, духоўнага росту і ўсвядомленага выбару.
Падчас гутаркі айцец Дзіянісій падкрэсліў, што сапраўдная свабода пачынаецца з пераадолення ўнутраных бар'ераў – страхаў, залежнасцяў, негатыўных установак. Шлях да свабоды ляжыць праз самапазнанне, прыняцце сябе і развіццё асабістай адказнасці, што дазваляе чалавеку быць сабой і прымаць сталыя рашэнні.
Для навочнасці і лепшага разумення складаных паняццяў лектар выкарыстоўваў схемы і графікі, візуалізуючы ключавыя ідэі і палягчаючы іх успрыманне.
Лекцыя прайшла ў фармаце жывога дыялогу: студэнты актыўна разважалі, задавалі пытанні, уступалі ў дыскусіі і атрымлівалі грунтоўныя адказы, што зрабіла сустрэчу не толькі пазнавальнай, але і глыбока асабістай.


































