
Насустрач новым магчымасцям
- Details
- Створана 03.10.2025 14:20
На працягу дзевяці месяцаў 2025 года ў Віцебскай вобласці рэалізоўваўся абласны сумесны праект устаноў культуры па формах нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва «Насустрач новым магчымасцям», у рамках якога бібліёбусы і аўтаклубы арганізоўвалі вольны час пажылых жыхароў аддаленых вёсак.
Яго ініцыятарамі сталі ўпраўленне культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і Віцебская абласная бібліятэка. Мерапрыемствы праекта былі падзелены па чатырох напрамках: «Крыніца здароўя», «Фінансавая пісьменнасць», «Пераемнасць пакаленняў» і «Творчасць без межаў». Работнікі культуры арганізоўвалі фальклорныя экспедыцыі, канцэрты, экскурсіі, святы вёсак, майстар-класы, працавалі сумесна з прадстаўнікамі арганізацый па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, банкаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншых устаноў. Усяго па праекце было праведзена больш за 1000 мерапрыемстваў, аўтаклубамі і бібліёбусамі наведана каля 600 населеных пунктаў.
2 кастрычніка ў Тулаўскім сельскім доме культуры адбыўся фінальны этап праекту, які прайшоў у форме метадычнага дня. Пасля выставы-прэзентацыі работы ўстаноў культуры дырэктар і намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч і Інэса Крукоўская, а таксама вучоны сакратар Віцебскай абласной бібліятэкі Надзея Мелькіна падвялі вынікі праекта.
Дыпломам «За лепшую арганізацыю правядзення тэматычных мерапрыемстваў для сельскага насельніцтва» ўзнагароджаны ДУК «Докшыцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва (аўтаклуб) ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна»;
Дыпломам «За захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны ДУК «Глыбоцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і сектар па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва філіяла № 7 Глыбоцкі цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці ДУК «Глыбоцкая цэнтралізаваная клубная сістэма»;
Лаўрэатамі III ступені сталі ДУК «Сенненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і сектар па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва ДУК «Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»;
Лаўрэатамі II ступені сталі ДУК «Дубровенская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і аддзел нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК «Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна»;
Лаўрэатамі I ступені сталі ДУК «Лёзненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» і сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Лёзненскага раённага Цэнтра культуры ДУК «Лёзненская цэнтралізаваная клубная сістэма».
Фіналам мерапрыемства і падарункам для жыхароў аграгарадка Тулава стала канцэртная праграма ад раённых устаноў культуры, прысвечаная Міжнароднаму Дню пажылых людзей.


































