
Сустрэча «Жыццё – святы Божы дар»
- Details
- Створана 17.10.2025 14:28
Сустрэча «Жыццё – Святы Божы дар» з удзелам протаіерэя Паўла Сердзюка і матухны Веранікі Сярдзюк адбылася ў абласной бібліятэцы 15 кастрычніка ў рамках Тыдня бацькоўскай любові.
Протаіерэй Павел Сярдзюк – кіраўнік парафіяльнага Савета храма Мікалая Японскага ў Мінску і кіраўнік камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па сям'і, абароне мацярынства і дзяцінства. Вераніка Сярдзюк кіруе цэнтрам падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля», які дапамагае жанчынам у крызісных сітуацыях, шматдзетная мама.
Сустрэча праходзіла ў гонар праваслаўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы і пачалася з агульнай малітвы.
Сярод прысутных былі свяшчэннікі, семінарысты Віцебскай духоўнай семінарыі, студэнты Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі і Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя акадэміка І. П. Антонава, чытачы бібліятэкі.
У ходзе гутаркі былі закрануты пытанні захавання жыцця да нараджэння, праблемы мацярынства і бацькоўства, а таксама важнасці інстытута сям'і ў сучасным грамадстве.
Павел Сярдзюк расказаў пра тое, з якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца ў шлюбе, як разумець адзін аднаго ў сямейным жыцці, на якіх галоўных прынцыпах павінна трымацца сям'я. Было падкрэслена, што з сабой можна пазнаёміцца толькі тады, калі знаходзіш спадарожніка жыцця.
Вераніка Сярдзюк акрэсліла асноўныя напрамкі работы Цэнтра «Матуля», а таксама раскрыла цікавыя факты, як радавод чалавека можа ўплываць на нараджэнне дзяцей і якія беларускія святыя з'яўляюцца заступнікамі сям'і.
Напрыканцы мерапрыемства госці ўручылі ў падарунак бібліятэцы маляўнічы плакат, на якім прадстаўлена інфармацыя аб важных крытэрыях шчаслівай беларускай сям'і.
Сустрэча праходзіла ў форме жывых зносін, дзе кожны прысутны мог задаць пытанні.


































