
Лабараторыя поспеху: сустрэча з экспертам медыякамунікацый
- Details
- Створана 29.10.2025 14:56
Абласная бібліятэка зноў стала месцам для жывых зносін старшакласнікаў з прафесіяналамі. Сустрэчы ў рамках праекта «Лабараторыя поспеху: ад ідэі да бізнесу» сталі добрай традыцыяй і дапамагаюць маладым людзям вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
Мэта гэтых мерапрыемстваў – пазнаёміць падлеткаў з прафесіяналамі розных сфер дзейнасці, якія дзеляцца сваімі ведамі і сакрэтамі поспеху. Гэтыя дыялогі даюць моладзі магчымасць не толькі пачуць парады, але і адчуць атмасферу рэальнай працы, зразумець, якія навыкі патрэбны для дасягнення мэт.
28 кастрычніка ў абласной бібліятэцы пачаўся новы сезон праекта, які арганізуюць супрацоўнікі чытальнай залы і аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці. Сустрэча была прысвечана Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя П. М. Машэрава – адной з вядучых навучальных устаноў рэгіёна.
Госцем стаў Аляксандр Гергаеў, начальнік аддзела медыякамунікацый універсітэта і яго выпускнік. Ён распавёў, чаму ўменне эфектыўна фармаваць кантэнт становіцца ключавым фактарам поспеху.
Аляксандр падзяліўся перавагамі навучання ў ВДУ імя П. М. Машэрава. Ён адзначыў, што студэнты атрымліваюць якасную адукацыю, якая дапамагае не толькі развіваць прафесійныя навыкі, але і асабіста расці. Універсітэт прапануе сучасныя праграмы, вопытных выкладчыкаў і добрую матэрыяльна-тэхнічную базу.
Ён расказаў пра свой шлях ад студэнта гістарычнага факультэта да начальніка аддзела медыякамунікацый. Яго гісторыя натхніла старшакласнікаў і паказала, што поспех прыходзіць да тых, хто ўпарта ідзе да сваіх мэт. Падлеткі маглі задаваць пытанні і даведацца, што шлях да прафесіяналізму пачынаецца з маленькіх крокаў і пастаяннага навучання.
У канцы сустрэчы Аляксандр параіў не выпускаць шанц стаць часткай універсітэта, які дынамічна развіваецца, бо гэты выбар – гэта важны крок да паспяховай будучыні.


































