
«Чароўны свет народнага мастацтва»: выстава дзіцячых работ
- Details
- Створана 03.11.2025 11:02
Выстава «Чароўны свет народнага мастацтва» – яркая падзея ў рамках культурна-адукацыйнага праекта «Народны каларыт», які абласная бібліятэка рэалізуе сумесна з Віцебскім гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, адкрылася 30 кастрычніка.
У сваіх работах юныя мастакі з аб'яднанняў па інтарэсах аддзела выяўленчага мастацтва адлюстравалі традыцыйныя беларускія рамёствы: разьбу па дрэве, дыванаткацтва, ганчарную справу, лозапляценне, прадзенне, валянне і многае іншае. Кожны малюнак – гэта не проста карцінка, а паўнавартасная гісторыя, расказаная праз колер, форму і настрой.
Адкрыла выставу Алена Іванова, загадчыца аддзела выяўленчага мастацтва. З цёплымі словамі да хлопчыкаў і дзяўчынак звярнулася Юлія Далганава, загадчыца дзіцячага аддзела бібліятэкі, падзякаваўшы юным аўтарам за талент і старанне. Удзельнік студыі «Архітэктурная кампазіцыя і дызайн» Макар Міхін распавёў аб тым, як ствараў сваю працу «Ганчар» і хто натхняў яго на творчасць.
Пасля ўрачыстай часткі гасцей чакалі загадкі і вясёлая камандная гульня, у якой заданні былі звязаны з самімі карцінамі – так што ўдзельнікі змаглі зірнуць на творчасць адзін аднаго пад новым вуглом.
Выстава будзе працаваць да 12 лістапада. Прыходзьце ўсёй сям'ёй – натхняйцеся, адкрывайце для сябе багацце народных традыцый і падтрымайце юных мастакоў!


































