
Вечарына, прысвечаная 90-годдзю легендарнага трэнера па боксе Эдуарда Янушкоўскага
- Details
- Створана 14.11.2025 15:23
Урачыстая вечарына, прысвечаная 90-годдзю Заслужанага трэнера БССР Эдуарда Антонавіча Янушкоўскага, адбылася 13 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы.
Павіншаваць юбіляра прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў «Беларуская федэрацыя бокса», «Ветэраны фізкультуры і спорту», Віцебскай абласной арганізацыі «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму», а таксама шматлікія сябры, калегі і вучні славутага трэнера.
З 1977 па 2002 год Эдуард Антонавіч узначальваў СДЮШАР па боксе і цяжкай атлетыцы Віцебскага спартыўнага клуба прафсаюзаў. Працуючы дырэктарам і адначасова трэнерам, ён здолеў стварыць высокапрафесійны калектыў і выхаваць цэлую плеяду выдатных спартсменаў. Сярод яго выхаванцаў – прызёры чэмпіянатаў СССР Юрый Прохараў, Мікалай Цімкін, Уладзімір Масюк, чэмпіён Узброеных Сіл СССР Міхаіл Даўгяла. Асаблівы гонар – алімпійскі чэмпіён Вячаслаў Яноўскі, адзіны пераможца Алімпіяды ў гісторыі беларускага бокса.
Для сваіх вучняў Эдуард Антонавіч быў не толькі настаўнікам, але і сапраўдным бацькам, чыю павагу і аўтарытэт яны захавалі на ўсё жыццё.
У гонар юбілею Эдуарду Антонавічу былі ўручаны Ганаровыя граматы і памятныя падарункі ад старшыні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Вольгі Івановай і намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Дзяніса Шкір'янава. Прывітальны адрас ад імя Савета ветэранаў Беларускай федэрацыі бокса перадаў Валерый Аляксандраў. Цёплыя словы і добрыя пажаданні прагучалі і ад Людмілы Афанасьевай, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму».
Вечарына прайшла ў атмасферы павагі і ўдзячнасці: юбіляру дарылі кветкі, падарункі, дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі ветэраны спорту, вучні і аматары бокса.
Адмысловай падзеяй стала дэманстрацыя дакументальнага фільма «Віцебская школа бокса. Гісторыя ў асобах», героямі якога сталі сам Эдуард Янушкоўскі і Уладзімір Кобазеў – дацэнт Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, у юнацтве баксёр. Гледачы цёпла прывіталі рэжысёра і сцэнарыста карціны Анжаліку Ганчарову, якая прыехала з Масквы спецыяльна, каб павіншаваць юбіляра.
Выхаванцы Віцебскай школы алімпійскага рэзерву і навучэнцы сярэдняй школы № 2 г. Віцебска імя Ф. Т. Блахіна атрымалі ўнікальную магчымасць паразмаўляць з Эдуардам Янушкоўскім і іншымі вядомымі спартсменамі, задаць пытанні і пачуць парады ад майстроў спорту.
Урачыстая вечарына стала яскравым пацвярджэннем таго, што ўклад Эдуарда Янушкоўскага ў развіццё беларускага бокса і фізічнай культуры назаўсёды застанецца часткай гісторыі і будзе натхняць новыя пакаленні спартсменаў.


































