
Прэзентацыя выставы «Віцебскі экслібрыс»
- Details
- Створана 21.11.2025 16:14
Адкрыццё выставы «Віцебскі экслібрыс», прымеркаванае да XI навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край», адбылося 21 лістапада ў выставачнай зале «Ex Libris». Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з унікальнымі кніжнымі знакамі з калекцыі вядомага віцебскага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага.
У вітрынах прадстаўлены 84 мастацкія экслібрысы, прысвечаныя Віцебску. Гэта толькі частка багатага збору калекцыянера, які шмат гадоў збірае кніжныя знакі, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру горада.
Адкрыла выставу намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Камендантава, адзначыўшы сімвалічнасць яе правядзення ў дні краязнаўчай канферэнцыі. Яна павіншавала Аркадзя Падліпскага і ўручыла яму каталог выставы.
Сам калекцыянер расказаў гасцям аб сваёй калекцыі, мастаках-аўтарах экслібрысаў і самых каштоўных экспанатах. Акрамя таго, ён перадаў у фонд бібліятэкі адзін са сваіх рукапісаў, выказаўшы надзею на стварэнне асобнага падфонду рукапісаў у аддзеле рэдкай кнігі.
Экспазіцыя знаёміць з работамі 16 майстроў разца і пэндзля, сярод якіх віцебскія мастакі Леанід Анцімонаў, Юрый Баранаў, Мікалай Гугнін, Георгій Кісялёў, а таксама вядомыя савецкія графікі Зіновій Гарбавец, Саламон Юдовін, Міхаіл Панькоў. Работы выкананы ў розных тэхніках – лінагравюра, афорт, ксілаграфія, цынкаграфія, акватынта.
Кожны экслібрыс нясе адбітак густу, стылю і духу часу, дэманструючы талент мастака і раскрываючы індывідуальнасць уладальніка кнігі.
Выстаўка «Віцебскі экслібрыс» будзе працаваць да 24 снежня ў выставачнай зале «Ex Libris» (III паверх бібліятэкі).


































