
XІ навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
- Details
- Створана 24.11.2025 14:14
20–21 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася XІ навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Аксана Ісачанка.
Больш за 100 гісторыкаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў архіваў, музеяў, бібліятэк, вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў прынялі ўдзел у канферэнцыі.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі прагучалі даклады, якія ахоплівалі гісторыю Віцебскага краю ад далёкай старажытнасці да сучаснасці. Выступленне навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандра Вашанава было прысвечана сенсацыйнай знаходцы мамантавай фаўны ў кар'еры «Шалыгі» Віцебскага раёна. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак расказаў пра змены ў межах гістарычнага цэнтра Віцебска. Настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Півавар зрабіў даклад «Відэапраекты Віцебскага абласнога тэлебачання, як дакументальныя крыніцы па гісторыі краю (да 65-годдзя з часу заснавання «Тэлерадыёкампаніі "Віцебск"»)». Пытанне ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны ў вёсцы Будзілаўка Докшыцкага раёна закрануў у сваім выступленні ваенны гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Мікалай Печань з Масквы. Адбылася прэзентацыя альбома «Маршал Баграмян», які быў выдадзены пры фінансавай падтрымцы ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод». Намеснік дырэктара завода Антон Урываеў перадаў у дар бібліятэкам Віцебскай вобласці асобнікі альбома «Маршал Баграмян».
Тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне была працягнута на секцыях «Гістарычнае краязнаўства. Вялікая Айчынная вайна» і «Гістарычнае краязнаўства. Праз іх лёс прайшла вайна». На секцыях таксама прагучалі даклады, прысвечаныя абаронцам Айчыны, воінам-інтэрнацыяналістам. Свайму земляку, Герою Савецкага Саюза, віцэ-адміралу Ягору Томку прысвяціў відэавыступленне краязнаўца Вітольд Ермалёнак з Мёраў.
Змястоўныя даклады па гісторыі і культуры Віцебшчыны прагучалі на секцыях «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край ад старажытнасці да 1917 г.», «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край з 1918 да сучаснасці», «Краязнаўства ў сістэме гуманітарных навук. Мастацтвазнаўства». Пісьменнік і краязнаўца Генадзь Сініцкі з Невеля прадставіў на канферэнцыі сваё даследаванне, прысвечанае віцебскай рачной міліцыі, і перадаў установам горада і бібліятэцы кнігу «Витебская речная милиция. Начало».
У час канферэнцыі адбылася прэзентацыя перасоўнай выставы Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя А. Т. Твардоўскага «Край мой – гордость моя».
Віцебскім абласным краязнаўчым музеем для ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізавана экскурсія ў Губернатарскі палац.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік «Віцебскі край».


































