
Узнагароджанне лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча
- Details
- Створана 27.11.2025 16:08
Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча адбылася 26 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна. Дата абрана сімвалічна – менавіта ў гэты дзень нарадзіўся класік беларускай літаратуры.
Лаўрэатамі літаратурнай прэміі Уладзіміра Караткевіча сёлета сталі тры намінанты. Лепшай у намінацыі «Паэзія» прызнана Іна Мароз (Саламаха) за зборнік вершаў «Лістаслоўе», у намінацыі «Проза» адзначаны Анатоль Бруцкі за зборнік гістарычных аповесцей і нарысаў «Аксельбанты фельдмаршала Гуркi», а ў намінацыі «Прапаганда жыцця» і «Прапаганда калектыву» Беларускага тэатра «Лялька» за шматгадовую работу па папулярызацыі творчасці пісьменніка і пастаноўку спектакля «Кацёл з каменьчыкамі».
Дыпломы лаўрэатам уручыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, адзначыўшы важнасць захавання культурнай спадчыны і роля літаратуры ў развіцці краіны: «Прыемна, што ў стагоддзе інфармацыйных тэхналогій кніга і творчасць застаюцца запатрабаванымі. Уласная літаратура, традыцыі – гэта залог суверэннага развіцця нашай краіны».
У рамках мерапрыемства сваё 20-годдзе адзначыў Віцебскі філіял ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». За шматгадовую творчую дзейнасць граматай абласнога Савета дэпутатаў была ўзнагароджана старшыня арганізацыі Тамара Краснова-Гусачэнка.
Па традыцыі былі падведзены вынікі працы за год і названы лепшыя пісьменнікі Віцебскага аддзялення. Сёлета ў намінацыі «Паэзія» яго ўдастоены Мікалай Намеснікаў. Званнем «Лепшы пісьменнік года» ў намінацыі «Проза» адзначаны Мікалай Гарбачоў (кніга «І гэта ўсё пра яе...») і Мікалай Хахлоў (праект «Вялікая Айчынная вайна вачыма сучаснікаў»). У намінацыі «Літаратура для дзяцей» ганаровае званне прысуджана Сяргею і Галіне Трафімавым, чые кнігі выкарыстоўваюцца ў навучанні па ўсёй краіне. Многія члены пісьменніцкай арганізацыі былі адзначаны Ганаровымі граматамі.
Урачыстасць суправаджалася чытаннем вершаў, літаратурнымі кампазіцыямі, прысвечанымі памяці Уладзіміра Караткевіча, а таксама выкананнем песень на словы паэтаў Віцебшчыны.
Цырымонія стала яскравай падзеяй літаратурнага жыцця рэгіёну, падкрэсліўшы значнасць літаратуры і яе ролю ў захаванні духоўных каштоўнасцей і гістарычнай памяці.


































