
Краіна цудаў Алісы. Прыгоды працягваюцца
- Details
- Створана 01.12.2025 14:56
Усю восень прыхільнікі творчасці Люіса Кэрала і яго выдатнай кнігі «Аліса ў Краіне цудаў» былі жаданымі гасцямі аддзела рэдкай кнігі.
У выставачнай зале «Ex Libris» экспанавалася выстава «У Краіне цудаў Алісы: падарожжа ва ўяўленне», якая знаёміла з разнастайнымі выданнямі знакамітай казкі з фондаў бібліятэкі і прыватных кніжных збораў жыхароў Віцебска.
Кнігі ў вітрынах прыцягвалі ўвагу разнастайнасцю ілюстрацый, вокладак, перакладаў і выданняў, якія адлюстроўваюць гісторыю кнігі і яе ўспрыманне ў розныя эпохі.
Зазірнуўшы на выставу, можна было даведацца шмат цікавага пра пісьменніка Люіса Кэрала і яго самую вядомую кнігу, убачыць партрэт сапраўднай Алісы і старонку з рукапісу твора.
Усе аматары галаваломак і загадак, цудоўнага вясёлага глупства, пацешных ператварэнняў пазнаёміліся з фантастычнымі героямі казкі ў рамках літаратурнага квэста «Краіна цудаў. Па слядах Алісы».
Больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з віцебскіх школ і гімназій разам з Катом Фаліянтам – талісманам аддзела рэдкай кнігі – з задавальненнем адправіліся ў Краіну цудаў на пошукі Алісы. Яны з азартам лічылі чароўныя цукеркі, малявалі ўсмешку Чашырскага ката, хутка і правільна адказвалі на каверзныя пытанні Чырвонай Каралевы, і, вядома, прымалі ўдзел у Вар'яцкім чаяванні. Правільна расшыфраваўшы таемнае пасланне, хлопцы сустрэліся з Алісай на мультсеансе ў канферэнц-зале бібліятэкі.
Кнігі пра дзяўчынку Алісу і казачных жыхароў Краіны цудаў і Залюстроўя чакаюць сваіх чытачоў на палічках у дзіцячым аддзеле бібліятэкі.
Кот Фаліянт будзе рады вярнуцца ў Краіну цудаў у кампаніі дапытлівых і вясёлых рабят.
Прыгоды працягваюцца!


































