
Творчая сустрэча з пісьменнікамі Віктарам Шніпам і Людмілай Рублеўскай
- Details
- Створана 11.12.2025 08:44
9 снежня ў бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам, намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўным рэдактарам часопіса «Полымя» Віктарам Шніпам і пісьменніцай, літаратурным крытыкам, журналісткай Людмілай Рублеўскай.
Аўтараў прадставілі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Тамара Краснова-Гусачэнка.
У 2025 годзе ў выдавецтве ў серыі «Бібліятэка паэзіі» пабачылі свет кнігі вершаў «Адзінокае дрэва нябёс» Віктара Шніпа і «Сад камянёў» Людмілы Рублеўскай, а таксама Людміла Іванаўна выдала зборнік эсэ – літаратурны гайд «Пісьменніцкія вандроўкі».
Людміла Рублеўская распавяла пра вандроўкі іх сямейнай каманды па Віцебшчыне, мясцінах, што надзвычай уразілі яе ў Прыдзвінскім краі. З задавальненнем слухалі ўдзельнікі сустрэчы вершы паэтаў з новых зборнікаў, а таксама песні на вершы Віктара Шніпа.


































