
«І ўзыду нанова ярыною...»: вечар памяці пісьменніка, журналіста Сяргея Рублеўскага
- Details
- Створана 11.12.2025 15:58
Вечар памяці пісьменніка, журналіста Сяргея Рублеўскага «І ўзыду нанова ярыною...» адбыўся ў бібліятэцы 9 снежня.
Сяргей Рублеўскі (1954–2025) – паэт, празаік, эсэіст, публіцыст, журналіст, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча Віцебскага аблвыканкама (2003). Аўтар кніг «Апостраф» (2000), «Азярод» (2003), «Абмытыя валуны» (2005), «Ў, Тое, што мы скарацілі» (2009), «Маўчанне на ўвесь Божы свет» (2011), «Святло лускі» (2012), «Паспець надыхацца» (2012), «Мамін шэпт пад абразамі» (2016), «Барлёшы па назе» (2022).
Асноўныя вехі жыцця Сяргея Рублеўскага прысутным нагадала журналіст, пісьменніца Святлана Дзядзінкіна. Размову пра асаблівасць творчага стылю пісьменніка, яго ролю ў беларускай літаратуры працягнуў пісьменнік, краязнаўца Франц Сіўко.
Краязнаўца Аркадзь Падліпскі прысвяціў Сяргею Рублеўскаму новую кнігу «Они почти наши земляки». Аб рабоце пад кіраўніцтвам Сяргея Рублеўскага ў абласной газеце «Народнае слова» распавялі журналісты Анатоль Бруцкі, Галіна Шпакоўская, Кацярына Абельская. Відэавыступленне фотамастака, краязнаўцы Міхаіла Шмерлінга было прысвечана сумесным паездкам, праектам, над якімі яны працавалі разам з Сяргеем Рублеўскім.
Намеснік начальніка аддзела Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Аксана Пашкевіч і старшыня ветэранскай арганізацыі ўстановы Віктар Праннік падзяліліся ўспамінамі пра працу Сяргея Рублеўскага на пасадзе начальніка аддзела па архівах і справаводстве. Кожны ўдзельнік вечара памяці ўзгадваў чалавечнасць, прыстойнасць, дабрыню Сяргея Васільевіча, яго любоў да маці, да роднага слова, да роднага краю.
Са слайдаў відэапрэзентацыі, створанай супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, і відэа з архіва тэлеперадачы «Вечерний Витебск» на ўдзельнікаў вечара паглядаў добры чалавек, таленавіты творца Сяргей Рублеўскі. Словы ўдзячнасці за памяць пра Сяргея Васільевіча Рублеўскага прагучалі ад яго родных – жонкі Яніны Міхайлаўны і дачкі Ірыны.


































