
Прэзентацыя кнігі Франца Сіўко «Дзікі край, але прыгожы»
- Details
- Створана 23.01.2026 12:21
Прэзентацыя кнігі краязнаўчых даследаванняў празаіка, публіцыста, краязнаўцы Франца Сіўко «Дзікі край, але прыгожы: сядзібы Дзісенскага і Браслаўскага паветаў міжваеннага часу ва ўспамінах Міраслава Задоры-Цішэўскага і на фотаздымках Яна Булгака і Юльюша Клоса» адбылася 22 студзеня ў рамках праекта «Краязнаўчыя сустрэчы».
Гэта трэцяя кніга краязнаўчых даследаванняў аўтара. Падчас прэзентацыі Франц Сіўко ўзгадаў папярэднія кнігі – «Што раньш было» і «Фабрыка Міжрэчча», якія таксама прысвечаны Мёршчыне і яго родным мясцінам. Франц Іванавіч падзяліўся сваімі развагамі пра цяжкасці краязнаўчага пошуку і пра радасці новых адкрыццяў, нечаканых знаходак.
У новай кнізе змешчаны невядомыя раней шырокаму колу даследчыкаў звесткі пра мемуарную спадчыну Міраслава Задоры-Цішэўскага, выданне ўтрымлівае здымкі сядзібаў Мёршчыны, зробленыя Янам Булгакам, Юльюшам Клосам, Зыгмунтам Абранпальскім, а таксама невядомымі аўтарамі. Выданне будзе цікавае ўсім, хто хоча больш даведацца пра гісторыю роднага краю.


































