
У бібліятэку – за натхненнем для творчасці
- Details
- Створана 23.01.2026 14:21
Што можна рабіць у абласной бібліятэцы? Несумненна – маляваць. Менавіта так вырашылі ўдзельнікі народнай студыі мастакоў-аматараў «Контур» культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна».
У рамках інфармацыйна-агляднай праграмы «Знаёмцеся, бібліятэка!» самадзейныя мастакі на чале з кіраўніком Анастасіяй Мядзведзевай падарожнічалі па светлых і ўтульных залах, знаёміліся з багаццямі бібліятэчных фондаў, унікальнымі калекцыямі і творчымі праектамі.
У аддзеле рэдкай кнігі асаблівую цікавасць выклікала выстава-прагляд «Застылы час: кніга як мастацтва», якая дэманструе ўнікальныя выданні з вытанчанымі вокладкамі, арыгінальнымі малюнкамі форзацаў, кніжнымі гравюрамі і ілюстрацыямі.
Натхнёныя ўбачаным, удзельнікі працягнулі сваё падарожжа ў выставачнай зале «Ex Libris», дзе знаёмства з рарытэтамі плаўна перарасло ў «бібліятэчны пленэр». Рэдкія кнігі, традыцыйна даступныя толькі праз шкло вітрын, ажылі на малюнках аўтараў. Мастакі адлюстравалі свае ўражанні на паперы з дапамогай фарбаў і алоўкаў, ствараючы выразныя замалёўкі кніжных рэліквій.


































