
Выстава «Сатыры смелы ўладар»
- Details
- Створана 26.01.2026 13:27
Да 200-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, аднаго з самых вядомых рускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя, у абласной бібліятэцы адкрылася выстава «Сатыры смелы ўладар».
У рамках праекта «Рарытэт кранаць дазваляецца!» аддзел рэдкай кнігі знаёміць наведвальнікаў з унікальнымі выданнямі твораў класіка, а таксама літаратурай пра яго жыццё і творчасць.
Адмысловае месца сярод экспанатаў займае факсімільнае ўзнаўленне сатырычнага рамана «Гісторыя аднаго горада», выпушчанага выдавецтвам «Academia» у 1935 годзе.
Гістарычная рэальнасць у кнізе пераплецена з фантастыкай; раман поўны гратэску і яркага гумару. «Вечныя» тэмы, актуальныя сюжэты, тыповыя партрэты чыноўнікаў робяць яго адным з самых актуальных твораў класіка рускай літаратуры і ў XXI стагоддзі.
Салтыкоў-Шчадрын надаў свайму твору форму летапісу выдуманага горада Глупава, пералік яго кіраўнікоў змяшчае намёкі на многіх гістарычных асоб XVIII–XIX стагоддзяў.
Кніжнае выданне рамана, прадстаўленае на выставе, да гэтага часу лічыцца самым значным па афармленні і паліграфіі. Яно ўпрыгожана цудоўнымі ілюстрацыямі выбітнага савецкага графіка Аляксандра Самахвалава. Кніжныя літаграфіі мастака экспанаваліся на Міжнароднай выставе ў Парыжы ў 1937 годзе і атрымалі вышэйшую адзнаку – Гран-пры. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы манахромнай літаграфіі на кантрастах чорных і белых тонаў.
Наведвальнікі выставы змогуць патрымаць у руках старадаўнія выданні твораў пісьменніка, а таксама пагартаць факсіміле знакамітага рамана, атрымаць асалоду ад вытанчанага афармлення і цудоўных ілюстрацый.
Запрашаем аматараў рускай класікі азнаёміцца з экспазіцыяй «Сатыры смелы ўладар»!
Выстава працуе для чытачоў бібліятэкі да 4 лютага 2026 года.


































